Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Роскомнадзор» назваў бессэнсоўнай «бясконцай гонкай» тое, што ў Беларусі — правіла


Блякіроўкі ананімайзэраў і іншых сродкаў ананімнасьці ў інтэрнэце, што даюць магчымасьць абыходзіць блякаваньне сайтаў, бессэнсоўныя, заявіў прэс-сакратар «Роскомнадзора» Вадзім Ампялонскі, перадае ТАСС.

«Я лічу, што сэнсу блякаваць іх няма, — казаў Ампялонскі пра ананімайзэры. — Па-першае, гэтыя сродкі ананімізацыі і шыфраваньня трафіку маюць шырокую сфэру карыснага ўжываньня. Па-другое, нескладана стварыць на замену заблякаваным праграмам новыя. Гэта будзе бясконцая гонка, гульня ў хованкі, у якую мы як дзяржаўны орган увязвацца ня хочам».

Ампялонскі зрабіў такую заяву з нагоды «вечнага блякаваньня» ў Расеі торэнт-сайта Rutracker (дагэтуль дасяжнага ў Беларусі). На ягоную думку, блякаваньне прывяло да зьніжэньня аўдыторыі сайта зь пірацкім кантэнтам на 35-50%, што ёсьць «даволі эфэктыўнай» мерай і без блякаваньня ананімайзэраў, якімі скарысталіся для абыходу блякаваньня 15% наведнікаў сайту.

Раней хадзілі чуткі пра тое, што «Роскомнадзор» зьбіраецца штрафаваць сайты за інфармацыю пра магчымасьці абыходу блякаваньня, але Ампялоўскі абвергнуў гэта, назваўшы ідэю заўчаснай. Але цяпер расейскі рэгулятар шукае «асаблівы падыход» да цэнзуры ў анлайн-гульнях.

У Беларусі жа сродкі ананімнасьці павінны блякавацца паводле падзаконных актаў. «Дзяржаўная інспэкцыя пры выяўленьні сродкаў забесьпячэньня ананімнасьці дадае ў сьпіс абмежаванага доступу іх ідэнтыфікатары», — гаворыцца ў пастанове ААЦ. У Беларусі ўжо абвяшчалі тэндэр на закупку «глушылак» сайтаў. Да таго ж, беларускія правайдэры ад 1 студзеня абавязаныя захоўваць зьвесткі пра наведаныя карыстальнікамі сайты.

Тым ня меней, Беларусь пакуль не пачынала «гонку» з блякаваньнем сродкаў ананімнасьці. Пяць самых простых спосабаў, якімі беларусы карысталіся для абыходу блякаваньня «Хартыі», «Беларускага партызана» і «Салідарнасьці», дагэтуль працуюць. Як і дагэтуль працуе Tor, сродак ананімнага доступу да звычайнага і таемнага інтэрнэту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG