Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі: Рэпрэсіі хутка вернуцца


Алесь Бяляцкі падчас выступу ў ААН, 6 сакавіка 2015 году

Рада Эўразьвязу на пасяджэньні міністраў замежных спраў 15 лютага адмяніла большую частку санкцыяў супраць прадстаўнікоў беларускага рэжыму. Алесь Бяляцкі кажа, што зьняцьце санкцыяў замарозіць парушэньне правоў чалавека — але толькі на нейкі час.

Рашэньне здымае блякаваньне актываў і візавыя забароны для 170 грамадзянаў Беларусі, у тым ліку Аляксандра Лукашэнкі і яго атачэньня, судзьдзяў і пракурораў, а таксама для кампаній набліжаных да Лукашэнкі бізнэсоўцаў.

Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі кажа, што зьняцьце санкцыяў замарозіць парушэньне правоў чалавека — але толькі на нейкі час.

«Па-сутнасьці, бліжэйшым часам сытуацыя ня будзе адрозьнівацца ад таго, што мы маем цяпер. Гэта значыць, што рэпрэсіўныя мэханізмы застануцца ў руках уладаў, але само ўжываньне гэтых мэханізмаў будзе строга дазаванае.

Я думаю, што такая „замарожаная“ сытуацыя не працягнецца доўга. Таму што сутнасьць аўтарытарнага рэжыму не зьмяняецца, і ніхто яе мяняць не зьбіраецца. Па-сутнасьці, рэжым і пабудаваны на рэпрэсіях і прымусах, у гэтым і заключаецца структура ўлады, якую пабудаваў Аляксандар Лукашэнка. Таму ў любы момант узровень рэпрэсіяў у Беларусі можа павялічыцца. Я мяркую, што так і будзе ў залежнасьці ад актыўнасьці беларускага грамадзтва. А ўлічваючы, што эканамічныя і сацыяльныя праблемы ў нас нарастаюць, можна казаць, што доўга пэрыяд „замарозкі“ не працягнецца.

Эўрапейскі зьвяз занадта аптымістычна ацэньвае жаданьне афіцыйнага Менску паляпшаць сытуацыю ў Беларусі. Па вялікім рахунку, нічога не зьмянілася, але відавочна, што геапалітычныя інтарэсы цяпер выходзяць на першы плян».

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG