Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэсьць беларускіх гісторый каханьня


Рамантычныя гісторыі беларускай сучаснасьці і мінулага, якія захапляюць і ўражваюць.


Барбара Радзівіл і Жыгімонт Аўгуст


Палацы Барбары і будучага караля Рэчы Паспалітай знаходзіліся побач. Яны часта бачыліся і ўрэшце закахаліся. Зьявіліся чуткі аб іх стасунках, і Мікалай Чорны, брат Барбары, быў ня супраць скарыстаць шлюб, каб палепшыць сваё становішча, але перашкода была ў маці Жыгімонта, Боне Сфорцы. Яна ненавідзела Радзівілаў. Радзівілы ж даведаліся, што Жыгімонт парушыў сваё слова болей не бачыцца з Барбарай і запатрабавалі ад яго пабрацца зь ёй шлюбам. Таемным.

«Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні». Карціна Яна Матэйкі 1867 г.
«Жыгімонт ІІ Аўгуст і Барбара Радзівіл на радзівілаўскім двары ў Вільні». Карціна Яна Матэйкі 1867 г.



Пасьля памірае Жыгімонт Стары. Бона Сфорца актыўна шукае новую нявесту і высьвятляецца, што ў караля ўжо ёсьць жонка. Бона Сфорца робіць усё магчымае, каб перашкодзіць каранаваньню Барбары. Для вырашэньня гэтай праблемы Мікалаю Радзівілу прыйшлося нават паехаць у Рым да папы. Калі Сэйм усё ж каранаваў Барбару, Бона Сфорца пакідае Кракаў разам са сваёй сьвітай і зьяжджае на радзіму, у Італію. Але існуе вэрсія, што патаемна яна пакінула агентаў, каб атруціць ненавісную нявестку. Да нашых дзён дайшло прозьвішча аптэкара Монці, які замест патрэбных лекаў прыгатаваў атруту, якая забіла прыгажуню-Барбару. Барбара была каранавана ў сьнежні 1550 года, а праз шэсьць месяцаў яе ня стала.


Кастусь Каліноўскі і Марыся Ямант

Яны сустрэліся ў 1861-м. Кастусь толькі стаў кандыдатам права, скончыўшы юрыдычны факультэт Пецярбургскага ўнівэрсытэту. Яна — выхаванка прыватнага пансіёну, свабодна размаўляла на некалькіх замежных мовах, вывучала літаратуру і гісторыю. Яны абодва ў паўстанцкім руху, Каліноўскі пачынае выдаваць «Мужыцкую праўду». Яны бачацца ў Вільні. У 1862-м адбыліся заручыны. Праз год пачынаецца паўстаньне. А ў самым пачатку 1864-га Каліноўскаму здрадзяць і яго арыштуюць. Схопяць і іншых паўстанцаў, сярод якіх Марыська, яе браты, бацькі і сёстры. Каханыя сядзяць за краты ў будынках насупраць адзін аднаго. Каліноўскага прысудзяць да сьмерці. Ведаючы пра вырак, ён будзе пісаць Марысьцы. Невядома, ці змагла яна адказаць свайму каханаму.

Марыська,
чэрнабрэва галубка мая!
Дзе ся падзела шчасце
і ясна доля твая?
Усё прайшло, —
прайшло, як бы не бывала,
Адна страшэнна горыч
у грудзях застала.

Усю сям’ю Ямантаў саслалі ў Сыбір. Марыся дзесяць год насіла жалобу па каханым.


Адам Міцкевіч і Марыля Верашчака


Міцкевіч кахаў Марылю, пісаў да яе вершы і згадваў у паэмах. Яны бачыліся, ён бываў у яе ў гасьцях кожнае лета, але... Каханьне — не лінейная рэч. Яна была спачатку нявесткай Міхаіла Верашчакі, а пасьля яго жонкай. Той ведаў пра заляцаньні маладога рамантыка і дыпляматычна не рэагаваў. Ведалі і сябры паэта, якія ўспрынялі шлюб Марылі як здраду паэту.

Адам пісаў ёй: «Каханая Марыля, я цябе паважаю і шаную, як багіню. Любоў мая такая нявінная і боская, як і яе прадмет... Дарагая, адзіная мая! Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім».

Гэтае плятанічнае каханьне нехта лічыў блюзьнерствам, а дасьледчык жыцьця Міцкевіча Адам Мальдзіс бачыў у ім усю апантанасьць і трагічнасьць — ён кажа, што Марыля была для Міцкевіча тым, чым Беатрычэ была для Дантэ, Лаура — для Петраркі.

Ніна і Мікола Асіпенкі

Ніна Асіпенка з маці
Ніна Асіпенка з маці

Восень 1945-га году, Паставы. Група будучых настаўнікаў стварае таемную групу «За Беларусь» на знак пратэсту супраць русыфікацыі пэдагагічнай вучэльні. Пра існаваньне арганізацыі абвясьціў яе нарачоны, Мікола Асіпенка. Цікава, што яны да шлюбу мелі аднолькавыя прозьвішчы. Праз колькі тыдняў маладзёны прынялі прысягу пад бел-чырвона-белым сьцягам і аб’ядналіся з глыбоцкай моладзьдзю, утварыўшы Саюз беларускіх патрыётаў. На волі яны прабылі яшчэ адзін год. Яе кансьпірацыйнае імя было Незабудка, яго — Крывіч. Ён імкнуўся абараніць яе на судзе. Ніна атрымала 10 год, Міколу прысудзілі да растрэлу, які пасьля замянілі на 25 год лягераў. Так простая і наіўная гісторыя беларускіх студэнтаў у тыя часы ператваралася ў жыцьцёвую драму. Тэрміны зьняволеньня ім скарацілі, але здароўе пасьля ГУЛАГу было падарваным: Ніна пасьля вызваленьня хутка сканала, а Мікола зьехаў на будоўлю БАМа і зьнік з поля зроку сяброў.


Аляксандр і Ірына Казуліны


Яны пазнаёміліся ў студэнцкія часы, абодва навучаліся ў БДУ. У іх нарадзілася дзьве дачкі. У 2006 годзе Аляксандр удзельнікаў у прэзыдэнцкіх выбарах. Ірына амаль заўжды была побач падчас ключавых мерапрыемстваў кампаніі. Адлучылася 25 сакавіка, каб зрабіць бутэрброды для перадачы зьняволеным. Калёна на чале зь яе мужам акурат рушыла да турмы на завулку Акрэсьціна. Аказался, што адлучылася яна на ўсё жыцьцё. Аляксандр быў арыштаваны і асуджаны да пяці з паловай гадоў зьняволеньня. Яго жонка змагалася за яго і іншых палітычных вязьняў, змагалася і за тых, хто хварэў на рак малочнай залозы. Як і яна сама.

2007 ujl
2007 ujl


У 2008-м Аляксандр Лукашэнка публічна зьневажаў Казуліна. Ірына ўжо не магла размаўляць і напісала яму адкрыты ліст. Яна не казала пра свой стан здароўя, хоць ён імкліва пагаршаўся, каб гэта ня стала магчымасьцю шантажаваць мужа ў калёніі. Ён тады выходзіў з двухмесячнай галадоўкі.

Яе ня стала 23 лютага 2008-га. Аляксандр дамогся магчымасьці прысутнічаць на пахаваньні жонкі. Тысячы людзей разьвіталіся з Ірынай у Чырвоным касьцёле. Праз тры дні Казулін вярнуўся ў турму, яго вызвалілі толькі ў жніўні. Да палітычнай дзейнасьці ён не вярнуўся.

Зьміцер і Наста Дашкевічы

Яны пазнаёмілася ў «Маладым Фронце». Ён узначальваў арганізацыю, яна, на дзесяць год за яго малодшая, сустракала «маладафронтаўцаў» з адміністрацыйных арыштаў.

Першая гадавіна шлюбу
Першая гадавіна шлюбу


У 2006-м яго адправілі ў турму, Наста змагалася за вызваленьне Зьмітра, пісала лісты і стала адной з лідэраў «МФ». У 2008-м судзілі яе, але семнаццацігадовую дзяўчыну пакінулі на волі. Яны пачалі сустракацца напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Яго арыштавалі за дзень на іх, Насту затрымалі пасьля Плошчы. Іх абодвух шантажавалі і прасілі даць паказаньні адзін супраць аднаго. Наста выйшла на волю, Зьміцер пачаў трохгадовы шлях па беларускіх турмах. Расьпісаліся яны ў Горадні, у турме строгага рэжыму. Зьміцер амаль увесь тэрмін праводзіў у адзіночных камэрах. Праз паўгада яна сустрэне Зьмітра ля брамаў гэтай калёніі, а вясельле адбудзецца праз два дні. Зараз пара гадуе дачку Мару і чакае другое дзіця.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG