Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польшча запасаецца пернікамі для Беларусі


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Сяргей Дубавец, Валер Карбалевіч, Ян Максімюк.

Ці зможа новае кіраўніцтва Польшчы пачаць новы разьдзел у польска-беларускіх дачыненьнях?


Максімюк: Як мы ведаем, летась у Польшчы памянялася ўлада. Прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары выйграла партыя «Права і справядлівасьць» Яраслава Качыньскага. Прэзыдэнт Анджэй Дуда адразу згадаў ідэю Міжмор’я, якая прадбачвае цясьнейшае супрацоўніцтва з усходнімі суседзямі. Цяпер рыхтуецца візыт польскага міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага ў Менск. Гэта будзе адзін зь першых візытаў кіраўніка польскай замежнай палітыкі.

Ян Максімюк
Ян Максімюк

Тон польскіх афіцыйных заяваў адносна Беларусі вельмі памяркоўны. Гаворачы аб прыярытэтах польскай замежнай палітыкі адносна Беларусі, спадар Вашчыкоўскі сказаў: «Мы хацелі б мець на тым баку мяжы незалежнага, сувэрэннага і стабільнага партнэра, які апрача таго — гэта была б мара! — кіраваўся б прынцыпамі прававой дзяржавы». Вельмі знакавая заява пра прынцыпы прававой дзяржавы, якія былі асноўным эўрапейскім патрабаваньнем да Беларусі, калі міністрам замежных спраў быў Радаслаў Сікорскі. Цяпер яго пераемнік гаворыць пра гэта як пра мару, а не пра рэальны пастулят.

Для мяне зьмена падыходу гэтага ўраду да палітыкі з Беларусьсю была неспадзяванкай. Вядома, што партыя Яраслава Качыньскага, з прычыны катастрофы прэзыдэнцкага самалёту ў 2010-м годзе, вельмі моцна папсавала адносіны з Расеяй — зараз узнавілася сьледзтва ў справе катастрофы, і гэта таксама не спрыяе паляпшэньню польска-расейскіх адносін. Здавалася, адносіны гэтай партыі да Лукашэнкі, які ідзе ў фарватэры расейскай палітыкі, будуць такія самыя, як і да Расеі — аказваецца аднак, што не. Чаму так сталася? Як бачым, на наступным тыдні Эўразьвяз хутчэй за ўсё скасуе большасьць фінансавых і візавых санкцый. У Брусэлі намецілася іншая палітыка адносна Беларусі.

Хачу прывесьці вельмі цікавае меркаваньне брытанскага палітоляга Браена Класа зь Лёнданскай школы эканомікі, які нядаўна ў сур’ёзным амэрыканскім часопісе Foreign Policy напісаў: «Гэастратэгічныя вятры пачалі веяць у іншы бок. Захад адмаўляецца ад падтрымкі беларускай дэмакратыі, прынамсі на сёньняшні дзень. Яны пагаджаюцца, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе, і вырашылі працаваць з ім, а ня супраць яго, нават калі і ведаюць, што ён застанецца ранейшым дэспатам». Паводле Класа, няўстойлівая сытуацыя ва Ўкраіне, пагаршэньні адносін Захаду з Расеяй ператварылі Беларусь у вачах заходніх дыпляматаў з месца, якое патрабуе дэмакратыі правоў чалавека, у месца, якое перш за ўсё павінна застацца стабільным. Клас цытуе важнага, але не названага дыплямата з Брусэлю, які сказаў, што «ў адносінах да Беларусі мы трохі зьнізілі нашу плянку, мы спрабуем больш працаваць з пернікамі, чым з бізунамі». Калі паглядзець на тую палітыку, якую вяла «Грамадзянская плятформа», то яна больш працавала зь бізунамі. Радаслаў Сікорскі быў галоўным канструктарам палітыкі Эўразьвязу адносна Беларусі, заручыўшыся падтрымкай Швэцыі і яшчэ некалькіх краін, палітыкі Ўсходняга партнэрства, а таксама палітыкі санкцый. Пернікам было Ўсходняе партнэрства, якое беларускаму кіраўніцтву не падалося надта прывабным, бізуном — санкцыі. Думаю, цяперашні міністар Вашчыкоўскі зразумеў бясплённасьць такой палітыкі.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Праект «Міжмор’е», ці то саюз, ці то рамачнае супрацоўніцтва Польшчы і краін паміж Чорным і Балтыйскім морамі — выглядае спробай ў нейкім сэнсе адрадзіць Рэч Паспалітую. Я вельмі сумняюся наконт пэрспэктыў гэтага ўтварэньня, паколькі зараз у гэтым рэгіёне існуюць розныя краіны з рознымі інтарэсамі. Да таго ж, існуюць вельмі моцныя полюсы на Захадзе і Ўсходзе, якія, як магніт, расьцягваюць краіны нашага рэгіёну. Сапраўды, польскія ўлады будуць больш жорстка ставіцца да палітыкі Расеі. І тут будуць наладжаныя новыя дачыненьні зь Беларусьсю.

Сапраўды візыт міністра Вашчыкоўскага — нечаканасьць, гэта вельмі важна, бо апошні раз міністар замежных спраў Польшчы прыяжджаў у Беларусь у 2010-м годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. Тады Радаслаў Сікорскі разам з міністрам замежных спраў Нямеччыны абяцалі Лукашэнку нават грашовую дапамогу, калі выбары пройдуць больш спакойна, а яны прайшлі зусім ня так. У выніку на цэлых 5 гадоў затармазіўся працэс нармалізацыі адносін. Зараз ён адбываецца. Палітыка Польшчы тут супадае з палітыкай большасьці краін Эўропы. Ёсьць меркаваньні, што санкцыі з Беларусі будуць зьнятыя. Сэнс такой палітыкі просты: паспрабаваць выцягнуць Беларусь з геапалітычнага поля Расеі. Асабліва на гэта паўплывала пазыцыя Беларусі адносна ўкраінскага крызысу, гэта было трохі нечакана для ўсіх у Эўропе.

Максімюк: А калі пакінуць сусьветны кантэкст польска-беларускай палітыкі, а зьвярнуць увагу толькі на польска-беларускія інтарэсы — гэта добра, што міністар з Польшчы едзе ў Менск? Гэта добра, што ён падтрымлівае зьняцьце санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі?

Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Дубавец: Ня столькі важны гэты візыт польскага міністра, колькі тое, што прызначаны новы пасол Конрад Паўлік. Трэба адзначыць, вяртаючыся да тэмы культуры, што беларуская незалежная культурная плынь — выданьне кніг, пленэры — у вялікай ступені адбываецца пры падтрымцы Польшчы. Калі зьехаў папярэдні пасол Шарэпка, у многіх было пытаньне, ці будзе працягвацца гэтая падтрымка? У прыватнасьці, прэмія Гедройца, ініцыятарам якой якраз і быў польскі пасол. У нас раманы сталі людзі пісаць з арыентацыяй на гэтую прэмію. Ці ўсё гэта захаваецца? Бо ў сваёй праграме пасол сказаў, што прыярытэтам будзе разьвіцьцё польскай меншасьці ў Беларусі, не падтрымка дэмакратыі, незалежнай культуры. Гэта значыць, што палітыка мяняецца. Што будзе з Касьцёлам, самай галоўнай сілай, якая падтрымлівае беларускую мову? Што будзе з «картай паляка», якая многіх насьцярожвае, бо гэта самы непасрэдны інструмэнт палянізацыі беларусаў? Ці не адбудзецца пераарыентацыя зь незалежнага беларускага грамадзтва на ўладу, якая робіцца ўсё больш прымальнай для Эўропы?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG