Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Польшчы прыедзе ў Беларусь з афіцыйным візытам


Кіраўнік МЗС Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі
Кіраўнік МЗС Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі

Візыт міністра Вітальда Вашчыкоўскага ў Менск, заплянаваны на бліжэйшы месяц, будзе арганізоўваць ужо новы амбасадар Польшчы ў Беларусі. Як чакаецца, ім стане 39-гадовы Конрад Паўлік.

У Сэйме Польшчы ўчора падтрымалі кандыдатуру новага амбасадара РП ў Беларусі Конрада Паўліка, паведамляюць польскія СМІ.

Будучага амбасадара Польшчы ў Беларусі ў камісіі па замежных справах Сэйму прадстаўляў кіраўнік МЗС Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі. Ён знайшоў поўную падтрымку дэпутатаў, якія былі на пасяджэньні камісіі. Разам з Конрадам Паўлікам разглядалася кандыдатура новага амбасадара Польшчы пры Эўразьвязе Яраслава Стажыка.

Міністар Вашчыкоўскі назваў Конрада Паўліка дасьведчаным і прафэсійным дыпляматам. Гаворачы аб прыярытэтах польскай палітыкі адносна Беларусі, кіраўнік МЗС Польшчы заявіў:

«Мы хацелі б мець на тым баку мяжы незалежнага, сувэрэннага і стабільнага партнэра, які апрача таго — гэта было б марай — кіраваўся б прынцыпамі прававой дзяржавы».

Сам Конрад Паўлік зазначыў, што ягоным першым заданьнем будзе добрая падрыхтоўка візыту ў Менск міністра замежных спраў Польшчы, якая заплянаваная празь некалькі тыдняў:

Конрад Паўлік
Конрад Паўлік

«Гэта будзе першы за некалькі гадоў візыт польскага міністра ў Беларусь».

Паўлік заявіў, што будзе падтрымліваць ўсе дзяржаўныя і няўрадавыя арганізацыі ў іх праектах, адрасаваных польскай меншасьці ў Беларусі:

«Глыбока веру, што пры добрай каардынацыі і мудрай выверанай палітыцы мы зможам малымі крокамі палепшыць сытуацыю польскай меншасьці, не пагаршаючы адносінаў з афіцыйным Менскам».

Конрад Паўлік нарадзіўся ў 1976 годзе ў Варшаве, спэцыяліст у галіне міжнародных палітычных і эканамічных адносінаў, вучыўся ў Галоўнай гандлёвай школе ў Варшаве і Орхускім унівэрсытэце ў Даніі.

Працаваў у адміністрацыі прэзыдэнта і МЗС Польшчы, валодае ангельскай і расейскай мовамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG