Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спрэчка касьцёла і дзяржавы: што Богава, а што кесарава?


Магілёўскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьв. Станіслава.
Магілёўскі касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі і сьв. Станіслава.

Трайны ўдар для трох аналітыкаў. Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст

Хто мае рацыю ў спрэчцы беларускай дзяржавы і касьцёлу наконт запрашэньня ксяндзоў з-за мяжы?


Карбалевіч: Упаўнаважаны па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Леанід Гулякі выступіў з заявай, што Рымска-каталіцкая царква ў Беларусі недастаткова актыўна працуе па падрыхтоўцы кадраў.
«Напрыклад, у Пінскай сэмінарыі ў 2015 годзе не было ніводнага выпускніка і ўсяго адзін чалавек паступіў на першы курс. У адкрытай у 2015 годзе тэалягічнай каталіцкай акадэміі няма ніводнага навучэнца, і, як сьледзтва, ёсьць кадравая праблема і запрашэньне вялікай колькасьці ксяндзоў з-за мяжы», — адзначыў упаўнаважаны па справах рэлігіяў. Пры гэтым, паводле яго словаў, некаторыя замежныя сьвятары слаба валодаюць навыкамі зносінаў на дзяржаўных мовах Беларусі і рэдка выкарыстоўваюць іх для правядзеньня набажэнстваў, што выклікае скаргі вернікаў.


Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адказала на заяву спадара Гулякі так: «Справа падрыхтоўкі сьвятароў зьяўляецца выключна ўнутранай справай Касьцёлу. У гэтым годзе 19 чалавек распачалі навучаньне ў сэмінарыях Беларусі і ў манаскіх сэмінарыях за мяжой. Што датычыць каталіцкай тэалягічнай акадэміі, то яна пачне працу толькі пасьля ўзьвядзеньня будынку».

У дадзеным выпадку, як ня дзіўна, я, хутчэй падтрымліваю пазыцыю ўлады. Бо будаўніцтва нацыянальнай царквы — гэта складовая частка будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы. Так было заўсёды ў гісторыі. Таму, заява Касьцёла, маўляў, гэта ня ваша справа, мне ўяўляюцца няслушнай.

У нацыянальнай царкве павінны працаваць нацыянальныя кадры. І праводзіць богаслужэньні тут павінны грамадзяне Беларусі, а не папы з Расеі ці ксяндзы з Польшчы.

Можа было зразумець тую сытуацыю, якая была ў пачатку 1990-х гадоў, калі адразу пасьля краху камуністычнага рэжыму, які прыціскаў рэлігію, народ масава пайшоў у царкву, сьвятараў не хапала і іх запрашалі з-за мяжы. Але прайшло ўжо чвэрць стагодзьдзя, 25 гадоў існаваньня незалежнай Беларусі Можна было за гэты час стварыць сыстэму падрыхтоўкі нацыянальных кадраў і адмовіцца ад практыкі запрашэньня замежных сьвятароў. Але ў Касьцёле яна працягваецца. Чаму не створаная такая сыстэма? Чаму моладзь не ідзе вучыцца на сьвятароў? Гэта пытаньне да Касьцёлу, і пытаньне справядлівае.

Дарэчы, лічу ненармальным, што БПЦ узначальвае грамадзянін Расеі мітрапаліт Павел. Гэта супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Дракахруст: Я ў нечым згодны з вамі, Валер, а ў нечым і не. Пачну з таго, ў чым нязгодны. Прынцып Вэстфальскага трактату «чыя ўлада — таго і вера» — гэта ўсё ж амаль 400 гадоў таму было. Сучасны сьвет прызнае асаблівы статус царквы, асабліва сусьветнай царквы, якой зьяўляецца Касьцёл. Такое грубае ўмяшаньне ў справы царквы, якое выявілася ў заявах спадара Гулякі — гэта не ёсьць добра. Тым больш, што тут беларуская ўлада дзейнічае гэтак жа груба і бесцырымонна, як адносна грамадзкіх арганізацыяў і СМІ — для яе гэта аднолькавыя інстытуцыі.

Я згодны, што ў дзяржавы таксама ёсьць пэўныя інтарэсы. Нагадаю, што ўпершыню супраць прыбыцьця ксяндзоў з Польшчы яшчэ ў 90-я гады выступала беларуская дэмакратычная апазыцыя. Так што цяперашняя ўлада і колішняя апазыцыя робяць адзін пасыл. Аднак мне здаецца, што такія пытаньні не трэба вырашаць публічна. Урэшце, прэрагатыва царквы вызначаць, адкуль яна бярэ сьвятароў. Зь іншага боку, прэрагатыва дзяржавы — даваць ці не даваць візы замежнікам. Далікатныя пытаньні , зьвязаныя зь верай, вырашаюцца шляхам канфідэнцыйнага дыялёгу, саступак з абодвух бакоў, перакананьнямі, а не такім выдаваньнем загадаў. Не забудзем, што сказана Збаўцам: «Дайце кесару кесарава, а Богу — Богава».

Цыганкоў: Сапраўды, можна было б знайсьці іншую форму і выказаць гэта на прыватных сустрэчах. Магчыма нейкія дзеяньні касьцёла нядаўна выклікалі раздражненьне ў дзяржавы, і гэта было выказана. Ёсьць два аспэкты гэтай праблемы.

Першы — дзяржава не павінна ўмешвацца ў справы царквы. У любой краіне. Царква мае права адкуль заўгодна запрашаць служыцеляў, але гэта не значыць, што так трэба рабіць. Падобныя заявы з боку дэмакратычнай апазыцыі ў 90-я гады былі, паколькі ішла вялікая шуміха наконт апалячваньня. Зараз сытуацыя зьмянілася. Калі я трапляю ў Менску касьцёл, імша заўсёды вядзецца па-беларуску. А ў правінцыі нярэдка імша адбываецца па-польску.

Калі замежныя ксяндзы цалкам разумеюць беларускую сытуацыю і могуць служыць тутэйшым людзям, чаму ж не? Але дзе такога знайсьці? Звычайна замежнік ня ведае ні мовы, ні рэчаіснасьці ў Беларусі, навошта яго перавучваць некалькі гадоў? Лепш падрыхтаваць беларускі кадар.

Умяшальніцтва дзяржавы ў гэтую справу адбываецца і ў цывілізаваных эўрапейскім краінах. Нядаўна была інфармацыя, што каля 30 прадстаўнікоў мусульманскай царквы былі высланыя з Францыі — яны парушалі францускае заканадаўства ў сваіх пропаведзях: фактычна заклікалі да зьнішчэньня Захаду, да антыканстытуцыйных дзеяньняў. Мяне ўражвае, што некалькі гадоў дзяржава гэта цярпела і толькі зараз пасьля тэрактаў зьвярнула на гэта ўвагу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG