У Хэрсоне ў ноч на 7 лютага ў будынку прадстаўніцтва Мэджлісу крымскататарскага народу ў Хэрсонскай вобласьці адбыўся выбух. Падчас праверкі месца здарэньня экспэрты выявілі аскепкі, колца і спружыну ад гранаты РГД-5. Сабраныя матэрыялы перададзены ў кіраваньне СБУ ў Хэрсонскай вобласьці.
Начны выбух у Хэрсонскім офісе Мэджлісу крымскататарскага народу папярэдне кваліфікуюць як тэракт, паведамляе прэс-служба Хэрсонскай міліцыі.
Кіраўнік Мэджлісу Рэфат Чубараў паведаміў, што спрацавала выбуховае прыстасаваньне, верагодна, граната. У выніку выбуху пашкоджаныя дзьверы ў падвальнае памяшканьне, ахвяр і іншых разбурэньняў няма.
Чубараў заявіў, што кіраўніцтва Мэджлісу крымскататарскага народу «расцэньвае тое, што здарылася як наўмысную правакацыю з боку прарасейскіх сіл, накіраваную на дэстабілізацыю сытуацыі на поўдні Ўкраіны, у прыватнасьці, у Хэрсонскай вобласьці».
Пасьля анэксіі Расеяй Крыму ў Хэрсоне таксама працуе прадстаўніцтва прэзыдэнта Ўкраіны ў АРК. У верасьні мінулага году невядомыя падклалі выбуховае прыстасаваньне пад дзьверы прадстаўніцтва, адбыўся выбух.
Расія анэксавала ўкраінскі Крым у пачатку 2014 году.
Самае папулярнае
1