Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў прапанаваў дэпутатам-«адзінаросам» адмовіцца ад «залатых парашутаў»


Дзьмітры Мядзьведзеў на зьезьдзе партыі «Адзіная Расея»
Дзьмітры Мядзьведзеў на зьезьдзе партыі «Адзіная Расея»

Прэм’ер-міністар Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітры Мядзьведзеў прапанаваў дэпутатам Дзярждумы ад фракцыі «Адзіная Расея» адмовіцца ад кампэнсацый па зарплаце з-за датэрміновага спыненьня іх паўнамоцтваў у сувязі з выбарамі — ад так званых «залатых парашутаў», якія дэпутаты самі сабе прапісалі з-за пераносу выбараў са сьнежня на верасень.

Выступаючы на зьездзе партыі, Мядзьведзеў заявіў: «Лічу, што і дэпутаты Дзяржаўнай Думы ад „Адзінай Расеі“ не павінны заставацца ўбаку. І маглі б адмовіцца ад кампэнсацый па зарплаце ў сувязі з датэрміновым спыненьнем сваіх паўнамоцтваў з-за пераносу выбараў».

Расейскі прэм’ер адзначыў, што некаторыя дэпутаты хацелі замацаваць такую ініцыятыву на заканадаўчым узроўні. Папраўку аб добраахвотнай адмове прапаноўвалі дэпутаты ад ЛДПР, але парлямэнт, у якім большасьць належыць «Адзінай Расеі», не ўхваліў гэтую ініцыятыву. «Але ніхто не забараняе сябрам Дзяржаўнай Думы прыняць такое рашэньне самастойна», — адзначыў Мядзьведзеў.

Канстытуцыйны суд у рэкордна кароткія тэрміны разгледзеў запыт Савета Фэдэрацыі аб законнасьці пераносу выбараў у Дзярждуму РФ са сьнежня 2016 года на верасень. На думку судзьдзяў, перанос выбараў у Дзярждуму на адзіны дзень галасаваньня можа прывесці да павышэньня яўкі выбарцаў і эканоміі бюджэту. Але ўтрыманьне дэпутацкага корпусу патрабуе велізарных выдаткаў. Згодна з законам, аж да 4 сьнежня 2016 году для непераабраных у верасьні дэпутатаў захоўваецца грашовае ўтрыманьне, парлямэнцкая недатыкальнасьць, службовае жыльлё і сацстрахаваньне.

Паводле кіраўніка камітэта Дзярждумы па канстытуцыйным заканадаўстве і дзяржбудаўніцтве Уладзімера Плігіна, максымальная сума пры кампэнсацыі непераабраным дэпутатам пры пераносе выбараў можа перавысіць 700 мільёнаў рублёў. Пры гэтым фінансаваньне Дзярждумы на 2016 год было павялічана адразу на 3 мільярды рублёў, і СМІ зьвязалі гэта ў першую чаргу якраз з выплатай «залатых парашутаў» непераабраным дэпутатам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG