Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заснавальніка WikiLeaks прызналі ў ААН «незаконна затрыманым»


Джуліян Асанж
Джуліян Асанж

Рабочая група ААН па незаконных затрыманьнях прыняла рашэньне на карысьць заснавальніка WikiLeaks.

Джуліян Асанж паскардзіўся на ўлады Вялікабрытаніі і Швэцыі, абвінавачваючы іх у стварэньні ўмоваў для незаконнага пазбаўленьня волі, паведамляе BBC. Раней Асанж абяцаў пакінуць амбасаду Эквадору ў Лёндане, калі ААН адхіліць яго скаргу.

Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж на працягу трох з паловай гадоў хаваецца ў амбасадзе Эквадору ў Вялікабрытаніі. Сваю прысутнасьць у амбасадзе ён разглядае як незаконнае затрыманьне. У скарзе заснавальнік WikiLeaks напісаў, што пазбаўлены асноўных свабодаў, у тым ліку доступу да сонечнага сьвятла і сьвежага паветра, адэкватнай мэдычнай і прававой дапамогі.

«Калі я выйграю, і будзе даказана, што дзяржавы-адказьнікі дзейнічалі незаконна, я чакаю неадкладнага вяртаньня майго пашпарту і спыненьня далейшых спробаў арыштаваць мяне», — заявіў Асанж напярэдадні.

Нягледзячы на рашэньне Рабочай групы ААН, брытанская паліцыя па-ранейшаму гатовая затрымаць заснавальніка WikiLeaks у выпадку, калі ён пакіне тэрыторыю амбасады Эквадору. МЗС краіны заявіў, што паколькі Асанжа па-ранейшаму абвінавачваюць у згвалтаваньні, Вялікабрытанія мае законныя падставы выдаць яго, паведамляе Reuters.

Арышту і выдачы Джуліяна Ассанжа дамагаецца Швэцыя, дзе ён абвінавачваўся ў спробах згвалтаваньня і сэксуальным дамаганьні. Гэтыя абвінавачваньні былі часткова зьнятыя ў 2015 годзе. Заснавальнік WikiLeaks баіцца, што Швэцыя выкарыстае ягонае затрыманьне па гэтых справах толькі як зачэпку, каб перадаць яго ў ЗША, дзе Асанжа будуць судзіць за публікацыю сакрэтных вайсковых і дыпляматычных дакумэнтаў.

Сайт WikiLeaks стаў вядомы пасьля таго, як на ім было апублікавана відэа атакі верталётаў Apache амэрыканскай арміі ў Іраку. У выніку той атакі загінулі мірныя жыхары, у тым ліку два супрацоўнікі агенцтва Reuters. Празь некаторы час рэсурс апублікаваў 90 тысяч дакумэнтаў аб вайсковай апэрацыі ЗША ў Аўганістане, а потым яшчэ 250 тысяч сакрэтных справаздачаў амбасадаў Злучаных Штатаў па ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG