Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія габрэі згадалі ахвяраў Галакосту каля памятнага знаку «Габрэям — ахвярам нацызму»


Дотыкам далоняў дакранаесься да далоняў забітых людзей
Дотыкам далоняў дакранаесься да далоняў забітых людзей

Магілёўскія габрэі згадалі сваіх суродзічаў — ахвяраў Галакосту памінальнай малітвай каля памятнага знаку «Габрэям — ахвярам нацызму».

На вуліцу Лазарэнкі да каменя з высечанымі далонямі прыйшлі больш за трыццаць чалавек. Яны, паводле габрэйскай традыцыі, паклалі каменьчыкі да памятнага знаку ды запалілі шэсьць сьвечак, у памяць пра шэсьць мільёнаў ахвяраў Галакосту.

Ля памятнага знаку «У памяць пра габрэяў ахвяраў нацызму»
Ля памятнага знаку «У памяць пра габрэяў ахвяраў нацызму»

«У нашай габрэйскай традыцыі, каб памяць жыла трэба абавязкова нешта рабіць. Як прыходзім да помніка, абавязкова кладзем каменьчык», — казаў грамадзе перад чытаньнем малітвы стараста магілёўскай сынагогі Сымон Глазштэйн.

Сымон Глазштэйн
Сымон Глазштэйн

«Калі мы згадваем бязьвінна забітых фашыстамі людзей мы чытаем кадзіш, каб стваральнік згадаў іх таксама. Мы традыцыйна зьбіраемся тут, каб ушанаваць ахвяраў Галакосту. Гэтых людзей забівалі толькі таму, што яны — габрэі. Давайце будзем жыць і памятаць пра гэта. Толькі ў такім разе гэта не паўторыцца. Трэба памятаць, што ў кожнага з нас нехта з родзічаў ляжыць у гета».

Памінальная імпрэза доўжылася хвілінаў дваццаць. Пляцоўка, дзе яна адбывалася, была заледзянелай і ўдзельнікам даводзілася прытрымліваць адно аднаго, каб не забурыцца. Значная частка ўдзельнікаў былі людзі сталага веку.

Памятны знак з высечанымі на ім далонямі магілёўскія габрэі ўсталявалі ў 2008 годзе. На яго месцы ў жніўні 1941 году фашысты зьбіраліся зрабіць уваход у гета, але не пасьпелі. У кастрычніку зьняволеных габрэяў зьнішчылі. Зь дзесяці тысяч ацалелі адзінкі. Сродкі на памятны знак габрэі зьбіралі талакой.

Дотыкам далоняў дакранаесься да далоняў забітых людзей
Дотыкам далоняў дакранаесься да далоняў забітых людзей

Высечаныя ў камяні далоні — сымбаль душ людзей, якія загінулі ў гета. Дотыкам далоняў дакранаесься да далоняў забітых людзей, кажуць габрэі.

27 студзеня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень Памяці ахвяраў Галакосту. Да гэтага дня і прымеркавалі сваю малітву габрэі-магілёўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG