Каля паўднёвага ўзьбярэжжа Тайлянда знойдзены абломак самалёта — магчыма, малайзійскага «Боінга», які прапаў у сакавіку 2014 года. На борце былі 239 чалавек.
Як паведаміў агенцтву Reuters прадстаўнік мясцовых уладаў, кавалак зламанага мэталу плошчай два на тры мэтры прыбіла да берага ў правінцыі Накхансітхамарат.
Тайляндзкія СМІ пішуць пра магчымую прыналежнасьць абломка лайнэру авіякампаніі Malaysian Airlines, які прапаў падчас пералёту з Куала-Лумпура ў Пэкін.
Ніякіх афіцыйных пацьверджаньняў гэтым здагадках няма, а выяўленым абломкам, як лічаць рыбакі, ня больш за год.
29 ліпеня мінулага года на ўзьбярэжжы на востраве Рэюньён (заморская тэрыторыя Францыі) у Індыйскім акіяне была знойдзена частка крыла зьніклага «Боінга».
Пошукі лайнэра былі сканцэнтраваныя ў паўднёвай частцы Індыйскага акіяну, прыкладна за чатыры тысячы кілямэтраў на ўсход ад Рэюньёна, аднак там ніякіх сьлядоў авіякатастрофы да гэтага часу выяўлена не было.