Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На пракадыраўскі мітынг у Грозным выйшлі з рыфмаванымі лёзунгамі


Рамзан Кадыраў
Рамзан Кадыраў

Некалькі тысяч чалавек выйшлі на вуліцы ў цэнтры Грознага ў абарону годнасьці Рамзана Кадырава, чые пагрозы апазыцыі асудзіла Amnesty International.

Ад 8 раніцы на цэнтральную плошчу Грознага пачалі выходзіць людзі з партрэтамі Ахмата і Рамзана Кадыравых, а таксама Ўладзімера Пуціна і загадзя падрыхтаванымі вершаванымі лёзунгамі супраць пазасыстэмнай апазыцыі і ейных лідэраў.

Згодна з паведамленьнямі «Грозный-ТВ», у мітынгу бяруць удзел мільён чалавек. Але, мяркуючы па фота блогера Ільлі Варламава, у акцыі бяруць удзел некалькі тысяч.

У гутарцы з журналістамі 12 студзеня Рамзан Кадыраў назваў прадстаўнікоў апазыцыі «ворагамі народу» і заклікаў судзіць іх «як здраднікаў». Пазьней ён пацьвердзіў сваё стаўленьне, назваўшы апазыцыю «шакаламі, якія мараць аб разбурэньні нашай дзяржавы», «купкай гнюсных лібэралаў», «сабакамі», «мёртвымі маральна людзьмі, якія прадалі свае душы заходнім д’яблам» і «прыдуркаватым збродам». Яго падтрымалі кіраўнік парлямэнту Чачні, які прыгразіў апазыцыі сабакам Кадырава, і прэс-сакратар Пуціна, які заклікаў «не нагнятаць сытуацыю» ў сувязі з выказваньнямі Кадырава.

Сацсеткі адрэагавалі на гэтыя заявы словамі «Кадыраў — ганьба Расеі», у адказ на што пракадыраўскія акцыі і атрымалі назву «Кадыраў — гонар Расеі». Раней на такія акцыі зганялі школьнікаў, зь лёзунгамі ў падтрымку Кадырава фатаграфаваліся Мікалай Баскаў, Фёдар Бандарчук і іншыя расейцы.

Тым часам дзесяць тысяч расейцаў патрабуюць адстаўкі Кадырава ў сувязі з пагрозамі апазыцыі і парушэньнямі правоў чалавека ў падуладнай яму Чачні. Мітынг за адстаўку Кадырава мяркуецца правесьці ў Маскве 26 студзеня. Amnesty International заклікае фэдэральныя ўлады Расеі тэрмінова і неадкладна адрэагаваць на выказваньні Кадырава, ды нагадвае, што аналягічныя заявы раней прычынілі выкраданьні і забойствы праціўнікаў улады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG