Расейскі Цэнтрабанк усталяваў курс расейскага рубля да асноўных валютаў на 21 студзеня, усутыч наблізіўшыся да псыхалягічнага бар’еру ў 80 рублёў за даляр. Па выніках таргоў за даляр усталяваны курс у 79,46 расейскіх рублёў, за эўра — 87,03 рублі, што больш за ўчорашнія курсы на адзін і амаль на два рублі адпаведна.
Беларуская валюта, якая актыўна таньнела да асноўных замежных валютаў ад пачатку году, на гэтым тыдні трымаецца адносна стабільна: ад панядзелка яна патаньнела да даляра толькі на 329 рублёў (20 461 рубель за даляр паводле Нацбанку на 21 студзеня), да эўра — толькі на 405 рублёў (22 391 рубель за эўра).
На пачатку ж году за даляр прасілі 18 569 рублёў, за эўра — 20 300 рублёў. Іначай кажучы, за першыя тры тыдні году курс рубля ўпаў на 10% адносна даляра і эўра. Да расейскага рубля, трэцяй валюты ў беларускім валютным кошыку, курс практычна не зьмяніўся ад 1 студзеня. Беларускі рубель падае разам з расейскім, але не сынхронна «дзень у дзень».
Тым часам экспэрт Bank of America разьлічыў, што нулявы дэфіцыт расейскага бюджэту пры цяперашнім курсе рубля магчымы хіба пры 55–60 далярах за барэль нафты Brent. А пры цяперашніх цэнах на нафту ў 25–30 даляраў расейскі рубель павінен упасьці да 168–210 рублёў за даляр, каб бюджэт «выйшаў у нуль».