Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ад Украіны будуць патрабаваць зьменаў у Канстытуцыю адносна Данбасу


Чарговая сустрэча Трохбаковай кантактнай групы адбудзецца ў беларускай сталіцы 20 студзеня.

Украіна дасягнула прагрэсу ў выкананьні «менскіх дамоўленасьцяў», аднак неабходнае ўстойлівае спыненьне агню на Данбасе, вывад расейскіх войскаў і тэхнікі, аднаўленьне кантролю Ўкраінай на акупаваным участку мяжы з Расеяй. Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзыдэнта Ўкраіны 19 студзеня па выніках сустрэчы ў Кіеве Пятра Парашэнкі з прадстаўнікамі фэдэральнага канцлера Нямеччыны і прэзыдэнта Францыі.

«Менскія дамоўленасьці патрабуюць новых дат, новай дарожнай мапы», — заявіў прэзыдэнт Пятро Парашэнка падчас прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве, пры гэтым катэгарычна адмаўляючы існаваньне так званага «Менск-3».

Філязофія ўнутраных працэсаў кажа пра тое, што „Менск-2“ нават на 50% не адказвае на тую праблематыку, зь якой сутыкнуліся Ўкраіна і сьвет на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу.

«З майго пункту гледжаньня, „Менск-3“ ужо запушчаны, — апаніраваў прэзыдэнту прадстаўнік Украіны ў палітычнай падгрупе, былы амбасадар Украіны ў Менску Раман Бясьсьмертны. — Вы скажаце, што ён не аформлены дакумэнтам. Так, ніводнага дакумэнта няма, але, прабачце, філязофія ўнутраных працэсаў кажа пра тое, што „Менск-2“ нават на 50% не адказвае на тую праблематыку, зь якой сутыкнуліся Ўкраіна і сьвет на тэрыторыі ўкраінскага Данбасу. Відавочна, што гэта пацягне за сабой некалькі новых фарматаў».

«Асаблівая ўвага акцэнтуецца на пагаршэньні сытуацыі зь бясьпекай на Данбасе і павелічэньні фактаў агрэсіі баевікоў супраць місіі АБСЭ», — напісала адна з удзельніц перамоваў у Менску, народны дэпутат ад «Блёка Пятра Парашэнкі» Ірына Герашчанка на сваёй старонцы ў Facebook.

Сустрэчы ў Менску 20 студзеня папярэднічалі тэлефонныя размовы Парашэнкі з фэдэральным канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам, нечаканы прылёт прадстаўніка Расеі на перамовах у Менску Барыса Грызлова ў Кіеў, сустрэча міністра замежных спраў Украіны Паўла Клімкіна з кіраўнікамі МЗС «краінаў-сябраў Украіны» ў Брусэлі і, нарэшце, таямнічыя перамовы памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па пытаньнях Эўропы і Эўразіі Вікторыі Нуланд з памочнікам прэзыдэнта Расеі Ўладзіславам Сурковым у Калінінградзкай вобласьці Расеі.

«Гэта быў пэўнага кшталту мазгавы штурм для пошуку кампрамісаў для рэалізацыі менскіх пагадненьняў. Па некаторых вострых пытаньнях, як, напрыклад, канстытуцыйная рэформа, бясьпека і выбары, вылучаліся ідэі, якія могуць быць абмеркаваныя ў кантактнай групе ў «нармандзкім фармаце», — ляканічна пракамэнтаваў вынікі перамоваў Уладзіслаў Суркоў.

Такое «прамацваньне пазыцыяў» шэраг экспэртаў ужо ацанілі як верагоднасьць зьмены агрэсіўнай палітыкі Крамля на «прымірэнчую».

Расея будзе настойваць на першачарговасьці правядзеньня канстытуцыйнай рэформы, прадстаўленьня Данбасу спэцыяльнага статусу і правядзеньня там выбараў.

«Расея будзе настойваць на першачарговасьці правядзеньня канстытуцыйнай рэформы, прадстаўленьня Данбасу спэцыяльнага статусу і правядзеньня там выбараў», — мяркуе палітоляг Уладзімер Бандарэнка.

У Канстытуцыі Ўкраіны прадугледжаныя дзьве галоўныя зьмены: дэцэнтралізацыя краіны, а таксама ўрэгуляваньне статусу Данбасу.

«Украіна ўжо прыняла закон аб адмысловым статусе мясцовага самакіраваньня, закон аб амністыі тэрарыстаў, зьмены ў Канстытуцыю ў першым чытаньні. А што зрабіў Пуцін? Нічога! Перакрыў мяжу, вывеў войскі, тэрарысты склалі зброю? Не. І таму, калі нас сёньня пераконваюць, што мы маем у цэлым прыняць Канстытуцыю, таму што гэта дасьць магчымасьць ціснуць на Пуціна і падоўжыць санкцыі, то мы ўжо для гэтага зрабілі шэраг важных крокаў. Хоць пяць разоў памяняйце Канстытуцыю, гэта ня спыніць Пуціна», — абураецца лідэр «Радыкальнай партыі» Алег Ляшко.

Галасаваць за дэцэнтралізацыю ў другім чытаньні дэпутаты будуць 28 студзеня. Аднак у парлямэнце для канчатковага прыняцьця канстытуцыйных зьменаў да гэтага часу не хапае галасоў, і калі гэтыя 300 галасоў ня знойдуцца, у Менску бакі будуць вымушаныя пачынаць усё спачатку, лічыць дыплямат Багдан Ярэменка.

Задача Расеі — прымусіць Украіну рэалізаваць вельмі нявыгадны і небясьпечны для яе плян палітычнага ўрэгуляваньня на Данбасе, калі краіна прадставіць дадатковыя паўнамоцтвы частцы аднаго з рэгіёнаў.

«Задача Расеі — прымусіць Украіну рэалізаваць вельмі нявыгадны і небясьпечны для яе плян палітычнага ўрэгуляваньня на Данбасе, калі краіна прадставіць дадатковыя паўнамоцтвы частцы аднаго з рэгіёнаў. Вось у чым заключаецца гульня Расеі. Гэта значыць разваліць Украіну палітычнымі, а не ваеннымі мэтадамі. Гэтая сытуацыя небясьпечная і тым, што Ўкраіну могуць абвінаваціць у тым, што яна ня выканала менскія дамоўленасьці», — тлумачыць экспэрт.

На мінулым жа пасяджэньні трохбаковай кантактнай групы ў Менску бакі дамовіліся аб вызваленьні больш за 50 палонных. Іх абмен мае адбыцца 20 студзеня.

У гэты ж дзень у Цюрыху заплянаваныя перамовы дзяржсакратара ЗША Джона Кэры і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG