Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста-фрылянсэра з Гомеля Кастуся Жукоўскага пакаралі буйным штрафам


Кастусь Жукоўскі
Кастусь Жукоўскі

Журналіст атрымаў па пошце пастанову Калінкавіцкага раённага суду за подпісам судзьдзі Людмілы Савасьцянавай. Тэлеапэратар прызнаны вінаватым ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ без акрэдытацыі і на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 КоАП пакараны адміністрацыйным штрафам у памеры 35 базавых велічыняў — гэта адпавядае 7 мільёнам 350 тысячам рублёў.

Паводле судовай пастановы, віна Кастуся Жукоўскага палягае ў тым, што ў лістападзе ў Калінкавічах ён апытваў мясцовых жыхароў, «у выніку чаго незаконна вырабіў прадукцыю сродкаў масавай інфармацыі, а менавіта, відэасюжэт пад назваю «Пагоня як сымбаль незалежнасьці чалавека», які 24 лістапада 2015 году быў паказаны ў эфіры спадарожнікавага тэлеканалу Рэспублікі Польшча «Белсат» у праграме «Аб’ектыў». Адсюль і буйны штраф.

Пад увагу ня ўзятае права грамадзянаў Рэспублікі Беларусь на падставе Канстытуцыі зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Апрача таго, згаданы ў судовай пастанове артыкул 35 закону «Аб сродках масавай інфармацыі» рэгулюе выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ не фізычнай, а юрыдычнымі асобамі, то бок тэлеканаламі, рэдакцыямі газэт і часопісаў.

Ня ўлічваўся і той факт, што ад 12 лістапада Кастусь Жукоўскі працуе як індывідуальны прадпрымальнік, які займаецца падрыхтоўкай інфармацыйных матэрыялаў.

Суд у Калінкавічах адбыўся яшчэ 14 студзеня без удзелу адказчыка, а судовую пастанову Жукоўскі атрымаў па пошце праз чатыры дні — 18 студзеня. Судьдзя палічыла, што пра дату і час Жукоўскаму паведамілі належным чынам — яму праз сотавую сувязь дасылалі эсэмэску. Сам журналіст-фрылянсэр у Калінкавічы ня езьдзіў, а паведаміць пра рашэньне па тэлефоне супрацоўнікі суду адмовіліся. Адміністрацыйны пратакол у дачыненьні да Жукоўскага складаў маёр міліцыі Ўладзімер Паўловіч.

Сёлета гэта ўжо другое на Гомельшчыне пакараньне журналіста-фрылянсэра. 13 студзеня суд Гомельскага раёна аштрафаваў на 4 мільёны 620 тысяч рублёў незалежную журналістку Ларысу Шчыракову — таксама за супрацу зь «Белсатам».

З нагоды перасьледу журналістаў-фрылансэраў ГА «БАЖ» зьвярнулася ў Адміністрацыю прэзыдэнта.

Адрэагавала на новую хвалю перасьледу фрылянсэраў і Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў. Яна заклікае ўладныя структуры ня толькі адмяніць адміністрацыйнае пакараньне, але й скасаваць заканадаўчыя нормы, якія дазваляюць штрафаваць журналістаў паводле артыкулу 22.9 КоАП.

«Нас вельмі непакоіць, што беларускія ўлады аднавілі заганную практыку новай хваляй перасьледу фрылянсэраў у краіне», — цытуе Могенса Бліхера-Б’ерэгарда, прэзыдэнта ЭФЖ, Беларуская асацыяцыя журналістаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG