Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўчанка ня спыніць галадоўку без выкананьня яе правоў — адвакат


Надзея Саўчанка
Надзея Саўчанка

Украінская лётчыца Надзея Саўчанка, якую судзяць у Расеі, вырашыла не спыняць галадоўку пратэсту, якая доўжыцца ўжо амаль месяц.

Як паведаміў Свабодзе адзін зь яе адвакатаў Марк Фейгін, адзіная магчымасьць, каб гэта галадоўка скончылася, наступіць у тым выпадку, калі суд у горадзе Данецку Растоўскай вобласьці Расеі пачне выконваць правы падсуднай і яе абароны і перастане адпрэчваць доказы невінаватасьці ўкраінкі.

Надзею Саўчанку ў Расеі абвінавачваюць у саўдзеле ў забойстве двух супрацоўнікаў расейскага тэлебачаньня, а таксама ў замаху на забойства групы сэпаратыстаў і незаконным перасячэньні расейскай мяжы. Саўчанка і яе абарона адпрэчваюць гэтыя абвінавачваньні і даказваюць, што на момант гібелі расейскіх журналістаў яе ўжо захапілі ў палон сэпаратысты, якія потым прымусова пераправілі яе ў Расею.

— Які цяпер стан здароўя Надзеі Саўчанкі ў сувязі з галадоўкай?

Марк Фейгін
Марк Фейгін

— Ён пагаршаецца. Пакуль ня так хутка, вядома, але, тым ня менш, ён пагаршаецца істотна: яна страціла 15 кіляграмаў і, вядома, адчувае боль рознай этыялёгіі. Наколькі ўсё можа абвастрыцца, будзе залежаць ад інтэнсіўнасьці працэсу. Бо тэрміны ўжо даволі значныя, 18 студзеня будзе месяц — у панядзелак будзе чарговае судовае пасяджэньне ў Данецку, і будзе ўжо месяц — гэта вялікі тэрмін.

— Чаго вы чакаеце ў панядзелак і наступныя дні?

— Усе асноўныя падзеі будуць адбывацца, хутчэй за ўсё, на наступным тыдні. Таму што пасьля месяца, тым больш пасьля папярэдняга галаданьня, яе надоўга ня хопіць. Пытаньне толькі ў тым, ці будуць яе прымусова карміць, ці зьмесьцяць у стацыянар, што можа стаць перашкодай для яе ўдзелу ў працэсе. І, шчыра кажучы, абарона ня вельмі хоча ўдзельнічаць у працэсе бяз Саўчанкі. Гэта таксама важны працэсуальны момант. Таму інтэнсіўнасьць пагаршэньня здароўя будзе залежаць ад таго, ці будзе своечасова аказвацца мэдыцынская дапамога, лекі, накшталт глюкозы. Таму, напэўна, варта чакаць істотнага пагаршэньня толькі на наступным тыдні. Пакуль усё больш-менш знаходзіцца ў прагназуемых межах, прынамсі, падобна, як гэта было пры першым галаданьні: першы месяц быў такім, калі яшчэ можна было казаць пра стабільны стан, скажам так.

— І Надзея не зьбіраецца спыняць галадоўку?

Яна прымае рашэньне самастойна і прынамсі пакуль працягвае гэта галаданьне.

— Не, не зьбіраецца. Мы нават атрымалі ад яе пісьмовае ўказаньне, у мяне на руках ёсьць гэты ліст, у якім яна зноў падкрэсьлівае, што адвакаты ўгаворваюць яе спыніць галадоўку, а таксама перадаюць ёй інфармацыю, перадаюць ёй просьбы ад украінскіх грамадзян, ад службовых асобаў Украіны і ад палітыкаў аб тым, каб яна ўсё ж спыніла галадоўку і не марнавала свайго здароўя, — але яна прымае рашэньне самастойна і прынамсі пакуль працягвае гэта галаданьне.

— Як вы лічыце, да чаго гэта можа давесьці?

— Мы, вядома, разьлічваем, што, па-першае, ня дойдзе да прымусовага кармленьня — гэта вельмі істотны момант, таму што сама Надзея супраць гэтага рэзка выступае. Гэта першы момант. Гэта такі зонд, які ўводзіцца ў рот, досыць непрыемная працэдура... А другі момант, вядома, зьвязаны з тым, што ёсьць патрабаваньні Саўчанкі. Бо яна вылучыла цалкам зразумелыя і ясныя патрабаваньні. Суд прынамсі мае прыслухоўвацца да таго, што бок абароны пастаянна спрабуе прапаноўваць доказы яе невінаватасьці, а яны пасьлядоўна гэтыя хадайніцтвы адхіляюць — гэта і білінг яе тэлефона, і сьведчаньні відавочцаў падзей 17 чэрвеня 2014 году. Што было б прасьцей, як задаволіць патрабаваньні і далучыць да матэрыялаў судовага сьледзтва гэта ўсё? Гэта дакладна стане падставай для таго, каб Саўчанка перастала галадаць. Але калі яе правы адмаўляюць, як і правы яе абароны, ні на што іншае, акрамя як працягнуць галадоўку, яна ня пойдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG