Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Полацку патрабуюць, каб райвыканкам адмовіўся купляць новы аўтамабіль


Зэканомленыя такім чынам 370 мільёнаў палачанін Яраслаў Пачопка прапануе выдаткаваць на добраўпарадкаваньне горада.

«У краіне, а тым больш у Полацку, цяпер нялёгкія часы, таму траціць 17 тысяч даляраў на новае аўто для „служак народа“ мы лічым няслушным!» — гаворыцца ў пэтыцыі, разьмешчанай на сайце www.change.org.

Полацкі райвыканкам абвясьціў тэндэр на закуп новага аўто ў першыя дні студзеня. Набыць машыну плянуецца за сродкі мясцовага бюджэту не пазьней як 22-га лютага. Пэтыцыя была складзена літаральна на наступны дзень пасьля аб’явы пра тэндэр, яе падпісалі больш за 120 чалавек.

Пад пэтыцыяй ужо ня толькі подпісы, але і некалькі катэгарычных камэнтароў:

«У Полацку памірае вытворчая галіна, сярэдні заробак складае 3 мільёны, калі не паводле афіцыйнай статыстыкі, а па-сапраўднаму. Крычаць, што Полацак — цэнтар Эўропы, калыска дзяржаўнасьці, найстарэйшы горад Беларусі. А ў выніку што? Шпіталі зачыняюць, радзільні няма, турыстычная інфраструктура ня разьвітая...»

Іншыя камэнтатары згадваюць кепскі стан дарог, па якіх раяць чыноўнікам езьдзіць не на новым красовэры Peugeot 3008, а быць «нароўні з народам».

Пэтыцыя з подпісамі нязгодных адрасавана ў Полацкі райвыканкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG