Найбуйнейшая нафтавая кампанія сьвету, савудаўская нацыянальная Saudi Aramco, можа выставіць свае акцыі на першаснае разьмяшчэньне на біржы (IPO), піша Wall Street Journal.
Па словах прэзыдэнта Saudi Aramco Халіда Абдульазіз Аль-Фаліха, кампанія пакуль праводзіць дасьледаваньні магчымага IPO, знаходзіцца «ў сур’ёзных разважаньнях». На IPO могуць быць прынамсі часткова выстаўленыя вытворчыя і дасьледчыя актывы кампаніі і ўласна галаўная кампанія, хаця раней меркавалася, што выстаўленыя будуць нафтаперапрацоўчыя і нафтахімічныя падразьдзяленьні.
Saudi Aramco не прадстаўляе публічна інфармацыю пра свае прыбыткі, інфармацыя пра яе рэзэрвы — дзяржаўная таямніца. Паводле незалежных ацэнак, рэзэрвы складаюць каля 265 млрд барэляў альбо 15% сусьветных запасаў нафты. Але савудаўскія чыноўнікі ацэньваюць яе ў трыльёны даляраў. Незалежны нафтавы аналітык Махамэд аль-Сабан, былы старэйшы дарадца Міністэрства нафты Савудаўскай Арабіі, ацаніў кампанію ў 10 000 000 000 000 (10 трыльёнаў) даляраў.
Тым часам цана за барэль нафты наблізілася да 30 даляраў.