Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьве свае галоўныя задачы на пачатак 2016 году Лукашэнка будзе вырашаць у Брусэлі і Маскве


Аляксандру Лукашэнку на пачатку 2016 году трэба будзе вырашыць дзьве найважнейшыя праблемы: першая — дамагчыся канчатковай адмены санкцыяў Эўразьвязу, другая — адбіцца ад жаданьня Пуціна разьмясьціць на тэрыторыі Беларусі расейскую авіябазу. Калі беларускі лідэр здолее гэта зрабіць, то ягоны імідж набудзе дадатковыя станоўчыя фарбы.

Такія меркаваньні прагучалі на паседжаньні клюбу экспэртаў у Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сярод удзельнікаў дыскусіі былі Аляксандар Дабравольскі, Валер Карбалевіч, Андрэй Курэйчык, які, дарэчы, напрыканцы мінулага году атрымаў дыплём Усходнеэўрапейскай школы палітычных дасьледаваньняў, Анатоль Лябедзька.

Што тычыцца 2016 году для звычайных беларусаў, то ім давядзецца перажыць цяжкі час — лічаць экспэрты. Усё будзе даражэць, а заробкі расьці ня будуць. І гэта вынік той эканамічнай мадэлі, ад якой беларускае кіраўніцтва не адракаецца і цяпер.

«Прыбыткі могуць падаць, і гэта можа выклікаць іскру ў грамадзтве. А можа і не, — лічыць Андрэй Курэйчык. — Гэта ж ня першая дэвальвацыя ў Беларусі. Раз на два гады абавязкова нешта падобнае адбываецца, і гэта ня першае маё адчуваньне, што беларуская эканоміка коціцца пад адхон. У мяне такое адчуваньне, што яна ўжо гадоў дзесяць коціцца пад адхон, але ніяк не дакоціцца. Мы разумеем, што гэта адбудзецца абавязкова, але рэсурс зьнешняй падтрымкі пакуль яе трымае на плыву з апошніх сіл».

Пагаршэньне роўню жыцьця беларусаў павінна скарыстаць апазыцыя, мяркуе Валер Карбалевіч:

«Такая сытуацыя дае апазыцыі магчымасьць ісьці на парлямэнцкія выбары 2016 году са зразумелым усяму насельніцтву патрабаваньнем — праводзіць рэформы, а не імітаваць іх».

Экспэртная супольнасьць прагназуе, што сёлета дзяржаўная прапаганда будзе пераконваць беларусаў, што ўсе іхнія нястачы і беды ідуць ад усясьветнага крызісу. Насамрэч жа і ў ЗША, і ў бальшыні краінаў Эўразьвязу, зьвяртаюць увагу экспэрты, назіраецца паляпшэньне жыцьцёвага роўню насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG