Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На целе чалавека, які напаў на паліцыянтаў у Парыжы знойдзены сцяг «Ісламскай дзяржавы»


У раёне нападу на паліцэйскі пастарунак узмоцнена патруляваньне (Парыж, 7 студзеня 2016 году)
У раёне нападу на паліцэйскі пастарунак узмоцнена патруляваньне (Парыж, 7 студзеня 2016 году)

Інцыдэнт адбыўся роўна праз год пасьля нападу на рэдакцыю сатырычнага штотыднёвіка Charlie Hebdo, калі загінулі 12 чалавек.

На целе мужчыны, застрэленага пры спробе нападу на паліцэйскі пастарунак у Парыжы, выяўленая эмблема экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».

Як паведаміў парыскі пракурор, гэта — аркуш паперы з надрукаваным на ім сьцягам «Ісламскай дзяржавы», а таксама зь «недвухсэнсоўным» заклікам, напісаным на арабскай мове. Пры забітым быў таксама мабільны тэлефон.

Як перадае карэспандэнт Радыё Свабода, у чацьвер каля поўдня малады чалавек, з выгляду 20-25 гадоў, апрануты ў шырокую шэрую парку і блакітныя джынсы, наблізіўся да ўваходу ў камісарыят паліцыі 18-й акругі Парыжу, па вуліцы Гут д’Ор і пачаў пагражаць двум супрацоўнікам паліцыі кухонным нажом. Паводле сьведчаньня паліцыянтаў, нападнік выкрыкваў: «Алагу акбар!»

У паліцыянтаў было падазрэньне, што на ім пояс сьмяротніка, і яны застрэлілі нападніка. Але пасьля абсьледаваньня яго цела спэцыяльным робатам выбухоўкі знойдзена не было.

Па факце нападу распачатае расьсьледаваньне.

З 4 студзеня ў Францыі праходзяць памятныя мерапрыемствы ў сувязі з гадавінай студзеньскіх тэрактаў, якія пачаліся з нападу на Charlie Hebdo. Ахвярамі нападаў 7-9 студзеня 2015 году ў Парыжы і ваколіцах былі 17 чалавек.

У Францыі працягвае дзейнічаць рэжым надзвычайнага становішча — пасьля тэрактаў 13 лістапада ў Парыжы, у выніку якіх загінула 130 чалавек. Адказнасьць за выбухі і напады ўзяла на сябе экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG