Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарбата для бяздомных — ад Чырвонага Крыжа. І сто рублёў каля царквы — для кпінаў


Супольны абед гарадзкіх бяздомных на Тэльмана, 39
Супольны абед гарадзкіх бяздомных на Тэльмана, 39

Гомельскія арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа 6 студзеня ўключыліся ў апэрацыю «Зіма-2016» і запрасілі бяздомных абласнога цэнтру на гарбату. Чатыры так званыя пункты абагрэву з выдачай гарачай ежы маюць адкрывацца штодзённа на дзьве гадзіны, з 12:00 да 14:00, але толькі ў маразы мінус 20 і ніжэй.

Як толькі наступіў поўдзень, у пакой Цэнтральнай раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа, што на вуліцы Тэльмана, 39, пастукаўся малады чалавек у зашмальцаванай вопратцы, зь няголеным тварам.

Ён сядае ў цесным калідорчыку на крэселка, абцягнутае дэрматынам, у чаканьні гарачай стравы. Сястра міласэрнасьці Сьвятлана Зайцава падае госьцю бульбяное пюрэ, гарбату і запісвае наведніка ў адмысловую ведамасьць — дзеля ўліку й справаздачнасьці.

Міхась першы атрымлівае бульбяное пюрэ
Міхась першы атрымлівае бульбяное пюрэ

Першага наведніка завуць Міхасём. Яму 28 гадоў. Пасьля калёніі, у якую ён трапіў за рабунак, бадзяецца. Пра дармовыя абеды ў таварыстве даведаўся ад такіх жа бадзягаў, як і сам, каля царквы на вуліцы Цімафеенкі:

«Сёньня сказалі каля царквы на Цімафеенкі, што калі з 12 да 14 гадзіны прыходзіш, то даюць паесьці».

У таварыстве тлумачаць, што яны разьвесілі шмат аб’яваў каля сьметнікаў, пунктаў збору другаснай сыравіны пра дабрачынную апэрацыю «Зіма-2016». Таму бяздомныя й даведаліся пра яе. І хоць удзень было мінус 12, бяздомным дапамагалі.

Пакуль гутарылі зь першым наведнікам, дзьверы зноў адчыніліся. У пакой зайшлі яшчэ трое бяздомных — дзьве жанчыны і мужчына.

Алене 45 гадоў. У яе была сям’я, двое дзяцей — яны цяпер дарослыя, маюць свае сем’і. Працавала прыбіральшчыцай:

«Крыху выпівала. Ну, муж мяне й пакінуў. Так і засталася на вуліцы. І начую на вуліцы. Пад’езды цяпер найбольш зачыненыя. Кардон дзе пад бальконам сьцелеш, коўдру можна знайсьці, падушку — накрываесься, і можна спаць».

Пра абеды Алена дазналася на пункце прыёму другаснай сыравіны:

«Вывеску чытала каля прыёмніка і прыйшла сюды. Добра, што хоць тут перакусіць і пагрэцца можна».

Сястра міласэрнасьці Сьвятлана Зайцава
Сястра міласэрнасьці Сьвятлана Зайцава

Яшчэ двое наведнікаў — Сяргей і Галіна. Яны абое пасьля турмы, трымаюцца разам.

Сяргей: «Мне пяцьдзясят чацьвёрты год. Сам я з Калінкавічаў. Мужыкі далі сёньня паўпляшкі піва — выпіў. Больш есьці няма чаго. Дзякуй богу, учора жанчына, галоўны адміністратар тэатру лялек, дала куртку, каб апрануцца ямчэй. І Галіне дала. Валяюся ж па падвалах, сам увесь вашывы. Міліцыю выклікаюць, ня ведаю, куды прыткнуцца. Там стаіш няправільна, там няправільна. Хіба што завіснуць паміж небам і зямлёю?»

Сяргей, чэрпаючы плястмасавай лыжачкай бульбяное пюрэ, крыўдуе на некаторых гараджанаў, якія выклікаюць міліцыю, калі бяздомныя заходзяць пераначаваць. Ня так даўно яны з Галінай трапілі ў пераплёт:

«У апорніку міліцыі на вуліцы Малайчука мне двойчы нагою далі і два разы дубінкаю — за тое, што ляжаў у пад’езьдзе. А Галі — шэсьць разоў дубінаю, яна была ўся чорная. Мы пашлі на вуліцу Аўэрбаха зьняць пабоі. Я не пайшоў, пайшла Галя. „Вашы дакумэнты?“ — пытаюцца. А дакумэнтаў няма. Усё — разварот. Кажу: „Дык без дакумэнтаў можна чалавека й забіць — так атрымліваецца?“. Мне параілі ў тым раёне й не паказвацца — прыгразілі, што ногі пераломяць».

Свой дзень бяздомныя Сяргей і Галіна пачынаюць звычайна каля царквы:

«Прачынаемся — і да царквы. Холадна ж, вельмі холадна. Хтосьці дасьць пару капеек, а хтосьці — не».

Галіна: «Часьцяком папракаюць. Дасьць сто рублёў — і папракае, што сто рублёў даў. Ня хочаш, не давай — ніхто ж не прымушае. І што наагул за сто рублёў можна купіць? Нават пачак запалак ня купіш. Даў жа ня пяць тысяч, ня дзесяць — і папракае гэтымі ста рублямі. Пытае зьдзекліва: „Працаваць не спрабавалі?“ Крыўдна, бо што за сто рублёў купіш».

Бяздомныя ў Чыгуначнай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Савецкая вуліца, 105а
Бяздомныя ў Чыгуначнай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, Савецкая вуліца, 105а

Бяздомныя, вядома, рады гарачай гарбаце, пюрэ бяз хлеба. А калі яшчэ й вопратку атрымаюць, як гэта сёньня было ў Чыгуначнай раённай арганізацыі БТЧК, то дзень наагул лічыцца ўдалым. Аднак, пад’еўшы пюрэ й гарбату, бяздомныя думаюць пра начлег. А начлежак у горадзе няма і пакуль не прадбачыцца.

Дом міласэрнасьці сясьцёр ордэна Маці Тэрэзы
Дом міласэрнасьці сясьцёр ордэна Маці Тэрэзы

Начлег гарадзкім бяздомным прапануе толькі Дом міласэрнасьці сясьцёр ордэна Маці Тэрэзы, які дзейнічае пры каталіцкім касьцёле Нараджэньня Маці Божай. Сёньня тут зладзілі сьвяточны абед для праваслаўных бяздомных, якія дзень Нараджэньня Хрыстовага адзначаюць 7 студзеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG