Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 6 студзеня: Куцьця ў праваслаўных хрысьціян


Belarus - Christmas Eve in Holy Spirits Orthodox Church, Minsk, 6Jan2014
Belarus - Christmas Eve in Holy Spirits Orthodox Church, Minsk, 6Jan2014

Бліц-агляд падзеяў і дат гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Афіша:

Сёньня Куцьця ў праваслаўных хрысьціян.

Менск. У Нацыянальным алімпійскім камітэце Беларусі адбудзецца прэсавая канфэрэнцыя па пытаньнях арганізацыі і правядзеньня Менску чэмпіянату Эўропы 2016 па канькабежным спорце. Пачатак: 14.00

Менск. У Дзяржаўным літаратурна-мэмарыяльным музэі Якуба Коласа прадстаўляе праект «Зімовыя канікулы ў Доме Коласа».

Менск. Калядаваньне падчас матчу «Дынама-Мінск» — «Лада» (Тальяці) ў «Менск-Арэна». Гасьцей чакаюць хакей, народныя танцы, беларуская музыка і сапраўдныя калядоўшчыкі з «казой». Пачатак у 19.30.

Менск. Сапраўдныя Беларускія Каляды ў рэстаране «Кухмістр» (6 і 7 студзеня) Пачатак у 19:30. Адрас — вул. К. Маркса, 40.

У гісторыі:

1896 — У Парыжы адбылася прэм’ера фільма братоў Люм’ер «Прыезд цягніка». Фільм стаў кананічным творам кіно дзякуючы таму, што ўпершыню ў гісторыі выразна перадаў на плоскім экране рух у пэрспэктыве — цягнік зьяўляўся здалёку, праходзіў наўскос справа налева праз увесь экран на першы плян і сыходзіў за левы край экрана, ствараючы ўражаньне прасторы. Акрамя таго, у гэтым фільме ўпершыню ў адным кадры былі паказаныя здымкі людзей агульным, сярэднім і буйным плянам.

У памяці:

1943 — у менскай турме СД памёр Антон Неманцэвіч, каталіцкі сьвятар бізантыйскага і лацінскага абрадаў, манах-езуіт, першы экзарх Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы.

1945 — у Варшаве памерла Магдалена Радзівіл, беларуская мэцэнатка.

1975 — у Саўт-Рывэры ў ЗША памёр Юрка Віцьбіч, беларускі пісьменьнік, дзяяч беларускай эміграцыі. 2004 — у Нью-Ёрку памёр беларускі паэт Янка Юхнавец. Атрымаўшы юрыдычную адукацыю ў Нямеччыне, Юхнавец з канца 1950-х жыў у ЗША. Выдаў зборнікі паэзіі «Шорах моўкнасьці», «Новая элегія», «Калюмбы».

Цытата:

У хаце добры лад і згода,
Як патрабуе і прыгода,
Паважнасьць вечара сьвятога ―
Не ўчуеш слова ты благога,
І ўсе прыбралісь і памылісь,
Міхал з Антосем падгалілісь
І парасчэсвалі чупрыны.
Ну, засьцілайце стол, мужчыны!
І стол той гуртам прыбіраюць,
Настольнік белы падымаюць,
На стол растрэсваюць мурог ―
На сене колісь быў Сын Бог ―
І роўным пластам расьсьцілаюць,
Сянцо абрусам закрываюць.
За стол садзяцца ўсе ў парадку
І прад сабой кладуць аладку,
Відэльцы, лыжкі разьбіраюць
І стравы першае чакаюць.
Ты, брат, глядзі не ашукайся:
Ня надта зразу накідайся,
Бо потым шчыра пашкадуеш,
Калі жывот свой напіцуеш:
Чым дальш ― смачнейшыя патравы,
І многа іх, і ўсе цікавы.

Якуб Колас, з разьдзелу «Каляды» паэмы «Новая зямля».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG