Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім юрасобам дазволілі захоўваць на паўтары тоны меней наркотыкаў


Гідрахлярыд какаіну ў выглядзе парашка
Гідрахлярыд какаіну ў выглядзе парашка

Міністэрства аховы здароўя вызначыла максымальную колькасьць наркатычных і псыхатропных сродкаў, якія беларускія юрыдычныя асобы могуць вырабляць, перапрацоўваць і захоўваць.

Пастанова Міністэрства аховы здароўя, апублікаваная (PDF) на pravo.by, акрэсьліла максымальную колькасьць наркотыкаў, якую дазволена захоўваць беларускім юрыдычным асобам. Яна набыла сілу з моманту апублікаваньня.

Паводле дакумэнту, захоўваць можна 1 грам гераіну, 100 грамаў какаіну, 2 грамы амфэтаміну, 500 грамаў барбіталу, 44 кг мэтадону, 14 кг марфіну, паўтары тоны кадэіну і 3 тоны фэнабарбіталу. Агулам у дакумэнце пералічаныя 24 наркатычныя і 39 псыхатропных сродкаў.

Міністэрства аховы здароўя мае абнаўляць і публікаваць такі сьпіс штогод. Але зь невядомых прычынаў сьпіс на 2015 год немагчыма знайсьці ў архівах. У адпаведныя даты публікаваліся толькі антынаркатычны дэкрэт і зьвязаныя зь ім дакумэнты.

Тым ня меней, у параўнаньні са сьпісам на 2014 год, у 2016-м дазволілі захоўваць 1 г альфапрадыну, дадатковыя паўкілё гідрамарфону і 9 кг мэтадону, але на паўтары тоны (самая значная зьмена па вазе) зьменшылі дазволеную колькасьць кадэіну.

Дакумэнт ня тычыцца органаў МУС, мытнікаў і памежнікаў, КДБ і СК, пракуратуры і судмэдэкспэртаў, а таксама іншых дзяржаўных органаў і структураў, пералічаных у ч.5 арт. 12 закону «Аб наркатычных сродках, псыхатропных сродках, іх прэкурсарах і аналягах». Ім дазваляецца захоўваць наркатычныя сродкі, у тым ліку вынятыя зь незаконнага абароту, без адмысловай ліцэнзіі.

Іншыя ж юрыдычныя асобы могуць захоўваць альбо вырабляць наркотыкі ў названых колькасьцях у мэдычных, навуковых, навучальных і іншых мэтах адпаведна закону «Аб наркатычных сродках».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG