Рада Бясьпекі ААН раскрытыкавала напад іранскіх дэманстрантаў на амбасаду Савудаўскай Арабіі ў Тэгеране і кансулят гэтай краіны ў горадзе Мэшхед, якія былі выкліканыя пакараньнем сьмерцю ў Савудаўскім каралеўстве вядомага шыіцкага прапаведніка ан-Німра.
Як паведамляе ВВС, Рада Бясьпекі ААН заклікала іранскія ўлады абараніць дыпляматаў і іх маёмасьць і выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязаньні. Яна таксама заклікала абодва бакі падтрымліваць дыялёг і распачаць крокі для зьніжэньня напружанасьці ў рэгіёне.
Аднак у заяве Рады Бясьпекі нічога не гаворыцца пра пакараньне ан-Німра і яшчэ 46 чалавек па абвінавачваньні ў тэрарызьме.
У нядзелю Савудаўская Арабія разарвала дыпляматычныя адносіны з Іранам, пазьней гэта зрабілі Бахрэйн і Судан. Кіраўніцтва Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў абвясьціла пра зьніжэньне ўзроўню кантактаў з Іранам.
Напярэдадні намесьнік прэм’ер-міністра Турэччыны Нуман Куртурмуш заклікаў абедьзве краіны захоўваць спакой, адзначыўшы, што Блізкі Ўсход ўжо стаў «парахавой бочкай».