Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фондавыя рынкі сьвету пачалі год з абвалу


Фондавы рынак у Нью-Ёрку, ілюстрацыйнае фота
Фондавы рынак у Нью-Ёрку, ілюстрацыйнае фота

Цэны на акцыі ў ЗША рэзка ўпалі на пачатку таргоў у панядзелак на фоне фінансавага абвалу ў Кітаі, спаду ў Эўропе і росту напружанасьці на Блізкім Усходзе.

Індэкс Dow страціў каля 2% пры адкрыцьці, NASDAQ — значна больш.

Як паведамляе служба навінаў «Голас Амэрыкі», новы раўнд узрушэньняў на сусьветных рынках пачаўся ў панядзелак, калі кітайскія акцыі ўпалі на 7%, што прымусіла дзяржаву спыніць гандаль на працягу дня на біржах Шанхая і Шэньчжэня.

Найбуйнейшыя фондавыя біржы Кітая паваліліся ў першы гандлёвы дзень году, што прывяло да спрацоўваньня «выключальніка», які ўпершыню прыпыніў агульнанацыянальны гандаль акцыямі. Гэта паставіла пад пагрозу вынікі працы па аднаўленьні стабільнасьці на фінансавым рынку.

Актыўны продаж акцыяў быў выкліканы новым расчаравальным дакладам пра вытворчасьць у КНР. Інвэстары інтэрпрэтавалі высновы дакладу як пацьверджаньне таго, што эканамічны рост Кітая запавольваецца. Нагадаем, што Кітай зьяўляецца другой паводле аб’ёму эканомікай у сьвеце і ключавым рынкам для многіх краінаў.

Японскі індэкс Nikkei зьнізіўся на 3%, ганконскі Hang Seng — больш чым на 2,5% да закрыцьця таргоў.

Эўрапейскія рынкі пайшлі за азіяцкімі. У нейкі момант нямецкі DAX зьнізіўся больш чым на 4% і FTSE ў Лёндане — больш чым на 2%.

Між тым цэны на нафту вырасьлі на фоне боязі, што рост напружанасьці ў адносінах паміж ключавымі вытворцамі нафты Савудаўскай Арабіяй і Іранам могуць паменшыць энэргетычныя запасы.

Актыўны продаж каштоўных папераў прывёў да страты 7% індэкса CSI300 найбуйнейшых кампаніяў у Шанхаі і Шэньчжэні, перш чым гандаль быў прыпынены. Гэта стала горшым паказчыкам за адзін дзень з канца жніўня 2015 году.

Абвал, які рушыў за публікацыяй дадзеных пра аслабленьне кітайскай эканомікі, зноў выклікае сумневы адносна таго, ці могуць інстанцыі, якія рэгулююць эканоміку краіны, адмяніць цяжкія гандлёвыя абмежаваньні, уведзеныя ў выніку буйнамаштабнага абвалу фондавага рынку ўлетку 2015 году, калі асноўныя індэксы страцілі каля 40%, пакуль не ўмяшаўся ўрад.

Абвал кітайскіх каштоўных папераў мінулым летам зварухнуў сусьветныя фінансавыя рынкі, прымусіўшы іншыя фондавыя рынкі згортвацца і павялічыць попыт на бясьпечныя актывы — такія, як дзяржаўныя аблігацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG