Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 110-годзьдзя Данііла Хармса: Ігар Памяранцаў у фільме «Холмс і Хармс»


Сто дзесяць гадоў таму нарадзіўся пісьменьнік Данііл Хармс

Рэжысэры і сцэнарысты звычайна шукаюць для фільму story (гісторыю), а ў фільмах, якія Ігар Памяранцаў здымае з рэжысэрам Лідзіяй Старадубцавай, усё, як правіла, пачынаецца зь вершаў.

Па сьлядах Хармса

(Лідзія Старадубцава, рэжысэр)

«Холмс і Хармс» — гэта фільм пра паўтарэньні і адрозьненьні, артхаўсны экспэрымэнт у жанры абсурдысцкай відэапаэзіі. Ня дзіўна, што вобразы і сюжэт ня ўкладваюцца ў рацыянальную пасьлядоўнасьць. Бо перад намі — традыцыя хармсіяны, спроба перакладу паэзіі абэрыутаў на мову кінэматографу.

Фільм зьняты па матывах вершу Ігара Памяранцава «Дзьве люлькі». На першы погляд, усё ў гэтым відэасюжэце заснавана на ідэі падваеньня і люстраных адлюстраваньняў: Холмс і Хармс, «Хо» і «Ха», дзьве люлькі, дзьве дзьвярныя таблічкі, два круглыя шкельцы ў аправе акуляраў галоўнага героя, дзьве краіны, у якіх адбываецца дзеяньне, і нават два гарбы вярблюда — «два ўзгоркі» (перагуканьне вобразу і гуку: малюнку «пагорка» і прозвішча «Холмс»). Але варта прыгледзецца больш уважліва, і дваістая структура ператворыцца ў траістую, а за кожным бінарным сымбалем адкрыецца тэрнарны. Што менавіта маецца на ўвазе?

Структуру фільму складае трохкутнік, у вяршынях якога — Холмс, Хармс і галоўны герой фільму Ігар Памяранцаў. Было б наіўным сьцьвярджаць, што паміж Холмсам і Хармсам магчымы дыялёг: першы выдуманы, а другі рэальны, Холмс нічога ня мог ведаць пра Хармса, а Хармс, хоць і пераймаў Холмса, ня мог атрымаць ад яго ніякага водгуку. Дыялёг паміж Холмсам і Хармсам вядзецца апасродкавана — празь сьвядомасьць Ігара Памяранцава, які сумяшчае дзьве ролі: дэтэктыва і паэта. Памяранцаў-Хармс і Памяранцаў-Холмс злучае самым сваім жыцьцём «два сусьветы»: Савецкі Саюз, зь якога эміграваў, і Вялікабрытанію, у якую эміграваў. Ігар Памяранцаў — дэтэктыў і паэт — грае ў гэтым фільме самога сябе. Гэта дэтэктыў, які шукае сябе як паэта. І гэта паэт, які бачыць сябе як дэтэктыва, выведніка ў самым шырокім, мэтафізічным, сэнсе — чалавека, які выведвае.

Што ж і каго шукае дэтэктыў-паэт, галоўны герой фільмуа Ігар Памяранцаў? Як дэтэктыў ён шукае злачынцу, які забіў паэта Хармса, і знаходзіць яго ў паўразьбітых скульптурах савецкіх правадыроў. Як паэт ён шукае самога сябе: эмігранта, які вандруе паміж дзьвюма радзімамі, паміж дзьвюма мовамі — брытанскага падданага, які піша па-расейску.

Адкрыю сакрэт. Мы здымалі Ангельшчыну ў Празе (горадзе «цяперашняга» часу, дзе ўжо шмат гадоў жыве і працуе Ігар Памяранцаў), а Савецкі Саюз — у Харкаве (горадзе часу «мінулага», у якім жыла мама Ігара Памяранцава). Таму абодва гарады ў фільме ўмоўныя і не падобныя самі да сябе.

У Празе нам удалося адшукаць самыя «ня-праскія» краявіды: ангельскія паркі і мосьцікі, гатычныя чырвонацагляныя вуліцы. А ў Харкаве мы для здымак фільму знайшлі «ня-харкаўскае». Гэта сьляды мінуўшчыны: таго, што перадае задушлівую атмасфэру ня толькі Ленінграду, у якім жыў Хармс, але і ў цэлым Савецкага Саюзу як прасторы «дысцыплінарнага грамадзтва».

Гэта псыхіятрычны шпіталь (Сабурава дача, «Сабурка») — гістарычны корпус, які сёньня пустуе, але выглядае так, быццам хворыя пайшлі з гэтага страшнага месца толькі ўчора, пакінуўшы на падлозе скрынкі рассыпаных лекаў і голыя сеткі ложкаў. Гэта будынак і двор Халаднагорскай турмы (у памяшканьні, дзе мы здымалі, да нядаўняга часу ўтрымліваліся пажыцьцёва зьняволеныя злачынцы). Гэта заапарк (дэпрэсіўны вобраз вальера зь вярблюдамі Хармсам і Холмсам выклікае натуральныя канатацыі прымусу і несвабоды). Гэта невялікі несанкцыянаваны музэй пад адкрытым небам, дзе зваленыя манумэнты камуністычным правадырам — напаўразбураныя скульптуры Маркса, Леніна, Сталіна, Дзяржынскага. Полыя манумэнты ідалам. Менавіта ў гэтым месцы галоўны герой фільму і знаходзіць адказ на пытаньні: хто ж злачынец, хто вінаваты. Менавіта ў гэтым месцы гучыць інфэрнальны хрыплы рогат галоўнага героя.

У фільме амаль няма словаў. Вершы Ігара Памяранцава гучаць за кадрам, арганічна перагукаючыся з авангарднай экспэрымэнтальнай музыкай Аляксандра Бакшы і Сяргея Неўскага. Дэтэктыў Холмс і паэт Хармс: што паміж імі агульнага, што іх адрозьнівае? Зьвязка камічная (абодва любілі курыць люльку). Разьвязка драматычная (Холмс жыў у мірнай, шчаснай краіне і памёр як дэтэктыў, Хармс жыў у краіне тэрору і гвалту і памёр як паэт у турэмным шпіталі ў палаце вар’ятаў). Зрэшты, зьвязка служыць разьвязкай у фільме пра паўтарэньне адрозьненьняў і пра адрозьненьне паўтарэньняў.

Граючы самога сябе

(Ігар Памяранцаў)

Рэжысэры і сцэнарысты звычайна шукаюць для фільму story (гісторыю), а ў фільмах, якія мы здымаем з рэжысэрам Лідзіяй Старадубцавай, усё, як правіла, пачынаецца зь вершаў. У мяне ёсьць верш «Дзьве люлькі» пра Хармса і Холмса. Гэты верш падаўся нам прадуктыўным з візуальнага пункту гледжаньня, бо Холмс і Хармс — канкрэтныя вобразы. Абодва яны парадаксальныя. Данііл Хармс — адзін зь першых эўрапейскіх абсурдыстаў, сучасьнік Сэмюэла Бэкета (яны пагодкі). Хармс быў востра сучасным пісьменьнікам і належаў да генэрацыі эўрапейскіх мадэрністаў. Яго тэксты трагікамічныя. У трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя пісьменьнік прайшоў праз псыхіятрычныя шпіталі, допыты ў НКВД, турму і памёр у турэмным шпіталі. Бэкет працаваў з мэтафізічным абсурдам, Хармс — з трагічным. Фон яго гратэскавых вершаў і апавяданьняў, якія ён любіў называць «выпадкамі», — савецкая цывілізацыя, якая будавалася на касьцях мільёнаў людзей.

Вобраз Холмса мае дачыненьне ня толькі да літаратуры, але і да кіно. Холмс — гэта яшчэ і кінавобраз са сваёй багатай біяграфіяй. Самы даўні фільм пра Холмса называўся «Азадачаны Шэрлак Холмс». Ён быў зьняты ў 1900 годзе. Натуральна, гэта нямы фільм. Сюжэт фільму ня меў непасрэднага дачыненьня да апавяданьняў Артура Конан Дойла. Хутчэй гэта была першая спроба паказаць Холмса на экране. У 1916 годзе быў зьняты сур’ёзны нямы фільм пра прыгоды Шэрлака Холмса. Хармс, які ў жыцьці пераймаў Холмса, у маладосьці вельмі любіў нямое кіно, ён нават пісаў сцэнары. Хармс, Холмс, нямое кіно — гэта зусім натуральнае спалучэньне. Наш фільм таксама амаль нямы.

Галоўную ролю ў фільме «Хармс і Холмс» граю я. Мне падабаюцца літаратурныя і жанравыя авантуры, але ў побыце я хутчэй кансэрватар, а кіно — гэта свайго роду правакацыя, паколькі на цябе глядзяць, цябе разглядаюць. Так што для мяне, чалавека радыё, гэта быў сур’ёзны ўчынак.

Падчас здымак я адчуваў сябе Чарлі Чаплінам або Бастэрам Кітанам. У фільме я ўвесь час паўтараю на розныя лады тую самую фразу: «Холмс-Хармс, Хармс-Холмс». Хармс любіў Веліміра Хлебнікава, і я прамаўляю гэтую фразу як хлебнікаўскую замову. У нямым кіно ты граеш ня толькі тварам, але ўсім целам, ты павінен рухацца артыстычна, ты павінен быць у добрай фізычнай форме, які б ні быў твой узрост. Шчыра кажучы, я ня вельмі люблю фітнэс, хоць два разы на тыдзень хаджу ў басэйн і ў сауну. Дзякуючы фільму я адкрыў нешта новае ва ўласным целе. Я буду шчасьлівы, калі глядач, гледзячы на мяне, будзе сьмяяцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG