Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праект бюджэту: 45 мільёнаў эўра — дзяржаўным СМІ


На СМІ ў дзяржаўным бюджэце на 2016 год прадугледжана каля 45 мільёнаў эўра (900 120 843,0 тыс. руб).

Гэта вынікае з праекту закону «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2016 год», апублікаваным на сайце Міністэрства фінансаў, паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

На тэлебачаньне і радыёвяшчаньне прадугледжана каля 36,6 мільёна эўра (734 815 075,0 тыс. руб), на пэрыядычны друк і выдавецтвы — каля 3,5 мільёна эўра (69 154 793,0 тыс. руб), на «іншыя пытаньні ў галіне СМІ» — 4,7 мільёна эўра (96 150 975,0 тыс. руб).

Нацыянальная дзяржтэлерадыёкампанія атрымае зь бюджэту каля 34 мільёнаў эўра, міждзяржаўная тэлерадыёкампанія «Мір» — каля 2,7 мільёна, ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» (АНТ) — каля 1,7 мільёна, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» (СТВ) — каля 1,2 мільёна.

Раней пастановай ураду № 966 ад 19 лістапада 2015 году было вызначана 26 дзяржаўных газэт і часопісаў, якія атрымаюць дапамогу з рэспубліканскага бюджэту ў 2016 годзе: «Алеся», «Беларускі гістарычны часопіс», «Беларусь. Belarus», «Белорусская нива», «Бярозка», «Вместе!», «Вожык», «Вясёлка», «Журнал специального назначения», «Звязда» (дадаткі «Чырвонка. Чырвоная змена», «Местное самоуправление», «Союз-Евразия»), «Здравоохранение», «Знамя юности», «Зорька», «Культура», «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Мастацтва», «Народная асвета», «Народная газета», «Нёман», «Полымя», «Родная прырода», «Рэспубліка», «Советская Белоруссия», «Спортивная панорама», «The Minsk Times» (дадатак «Голас Радзімы»).

Для параўнаньня: у 2015 годзе на СМІ ў бюджэце было прадугледжана каля 60 мільёнаў эўра (каля 804 млрд рублёў), у 2014 — каля 52 мільёнаў эўра.

Да таго ж, ад работнікаў бюджэтнай сфэры патрабуюць у абавязковым парадку здаваць грошы на падпіску на дзяржаўныя СМІ. Так, маладыя спэцыялісты-пэдагогі, далёка не самыя высокааплатная катэгорыя з заробкамі ў 3–3,5 мільёна рублёў, павінны здаць па 260 тысяч на падпіску для школы выданьняў «СБ —Беларусь сегодня», «Настаўніцкая газета», «Юный спасатель».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG