Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я прыняў сьмяротную дозу»: перапіска карэспандэнткі Свабоды з Уладам Калесьнікавым


Улад Калесьнікаў
Улад Калесьнікаў

«Улад Калесьнікаў. Апошні раз быў тут 25 сьнежня а 13:36». Як у Расеі давялі да сьмерці 18-гадовага праціўніка вайны з Украінай .

У горадзе Жыгулёўску Самарскай вобласьці (Расея) скончыў жыцьцё самагубствам 18-гадовы Ўлад Калесьнікаў. Карэспандэнтка Свабоды Клэр Біг вяла зь ім перапіску штодзень цягам некалькіх тыдняў да яго сьмерці. Апошняе паведамленьне ад яго прыйшло 25 сьнежня:

«Калі я ня выйду на сувязь цягам бліжэйшых 2-6 дзён, можаце пісаць. Значыць, я памёр. Я прыняў летальную дозу. Даруйце», — напісаў Улад праз мэсэнджэр Telegram у 13:36. З таго часу ён не зьяўляўся анлайн, не адказваў на паведамленьні і тэлефанаваньні. Празь некалькі гадзінаў паліцыя пацьвердзіла: Улад скончыў жыцьцё самагубствам, прыняўшы летальную дозу лекаў.

Зь перапіскі Ўлада з карэспандэнткай Свабоды
Зь перапіскі Ўлада з карэспандэнткай Свабоды

«Я некалькі разоў да гэтага пісала пра яго праблемы, — згадвае Клэр. — Але калі я ў чарговы раз зьвязалася зь ім 2 сьнежня, яго адказы гучалі як крыкі аб дапамозе. Ён знаходзіўся ў адчаі і імкнуўся распавесьці мне пра сваё жыцьцё. Мы перапісваліся ў Telegram, часта па некалькі разоў на дзень. У большасьці выпадкаў я проста чытала. Улад папрасіў мяне распавесьці пра яго, калі зь ім нешта здарыцца. Ён хацеў, каб сьвет ведаў, што яго перасьледуюць, ведаў пра гвалт і пра ізаляцыю, якая руйнуе душу, якой могуць падвергнуць ў Расеі любога чалавека, хоць чымсьці адрознага ад астатніх. Гэта было яго апошнім перадсьмяротным жаданьнем».

Улад Калесьнікаў у цішотцы з украінскім сьцягам
Улад Калесьнікаў у цішотцы з украінскім сьцягам

Аднойчы ўлетку 2015 году Ўлад зьявіўся ў сваім тэхнікуме ў Падольску ў цішотцы са сьцягам Украіны і надпісам «Вярнуць Крым!». Ён ня быў актывістам, праваабаронцам і нават украінцам — простым расейскім падлеткам, якому не падабаліся дзеяньні сваёй краіны адносна суседзяў. За некалькі тыдняў да таго ён уключыў гімн Украіны ў ваенкамаце, бо яго, непрыгоднага праз кепскі зрок, хацелі прызваць у расейскае войска, служыць у якім ён лічыў ганебным. У ваенкамаце яму паставілі дыягназ «расстройства асобы».

Празь некалькі дзён пасьля таго, як хлопец прыйшоў на вучобу ў праўкраінскай цішотцы, яго пабілі аднаклясьнікі. Потым да яго дадому прыйшлі паліцыянты. Яго дзядуля, адстаўны афіцэр КДБ, выгнаў яго з дому і паабяцаў зьвярнуць шыю, калі той вернецца. Пазьней дзядуля даў інтэрвію пра ўнука «Камсамольскай праўдзе», дзе распавядаў, як Улад меў сувязі з Захадам і сваімі акцыямі хацеў зарабіць грошы.

Улада пачалі пастаянна зьбіваць на вучобе, пайшлі чуткі пра яго гомасэксуальнасьць, што вяло да яшчэ большага цкаваньня.

«Мне нельга зьвяртацца ў паліцыю, тыя яшчэ ўлетку далі зразумець, што дапамагаць мне ня будуць і, працытую, „сам бы табе ў морду даў за такія рэчы“. У Жыгулёўску тут са мной наогул што заўгодна могуць зрабіць. Адчайна шукаю, куды можна зьехаць », — пісаў Улад карэспандэнтцы Свабоды. А таксама пісаў, што давярае ёй, але ўжо ня верыць у цуды.

Сьледчыя сёньня спрабуюць прадставіць сьмерць Улада як выпадковасьць, выкліканую перадазіроўкай алькаголю і наркотыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG