Журналіст Наджы Джэрф, які быў прадусарам дакумэнтальных фільмаў пра групоўку «Ісламская дзяржава», быў забіты 27 сьнежня ў цэнтры горада Газіянтэпе ў Турэччыне, непадалёк ад мяжы з Сырыяй.
Пра гэта паведаміў у Twitter калектыў, у якім ён працаваў.
«Наш рэжысэр Наджы Джэрф, бацька дваіх дзяцей, быў забіты зь пісталета з глушыльнікам сёньня ў Газіянтэпе», — гаворыцца ў паведамленьні.
Наджы Джэрф нядаўна завяршыў працу над фільмам, у якім задакумэнтаваныя парушэньні з боку «Ісламскай дзяржавы» у той час, калі баевікі гэтай групоўкі дзейнічалі ў горадзе Алепа на поўначы Сырыі.
Турэцкія ўлады заявілі пра пачатак расьсьледаваньня.
Гэтае забойства адбылося пасьля таго, як групоўка «Ісламская дзяржава» ўзяла на сябе адказнасьць за гібель у кастрычніку двух сырыйскіх журналістаў у горадзе Урфа на паўднёвым усходзе Турэччыны, недалёка ад мяжы з Сырыяй. «Актывізаваць меры па абароне сырыйскіх журналістаў на турэцкай зямлі» ў распаўсюджанай 27 сьнежня заяве заклікаў Міжнародны камітэт абароны журналістаў.