Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхаіл Хадаркоўскі завочна арыштаваны па абвінавачаньні ў забойстве


Міхаіл Хадаркоўскі завочна арыштаваны па абвінавачаньні ў арганізацыі забойстваў і абвешчаны ў міжнародны вышук. Аб гэтым паведамляецца на сайце Сьледчага камітэту Расеі.

Паводле сьледзтва, Хадаркоўскі, будучы акцыянэрам і старшынёй праўленьня нафтавай кампаніі ЮКАС, у 1998-1999 гадах даручыў падначаленым яму супрацоўнікам кампаніі Неўзьліну і Пічугіну, а таксама іншым асобам забойства мэра Нефцеюганску Петухова і прадпрымальніка Рыбіна, службовая дзейнасьць якіх супярэчыла інтарэсам ЮКАСу. Для сьледзтва цалкам відавочна, што гэтыя злачынствы зьдзяйсняліся з карыслівымі матывамі, гаворыцца ў паведамленьні Сьледчага камітэту.

30 чэрвеня Сьледчы камітэт аднавіў расьсьледаваньне справы аб забойстве мэра Нефцеюганску Ўладзіміра Петухова ў сувязі з новавыяўленымі абставінамі. 11 сьнежня Міхаілу Хадаркоўскаму было выстаўленае абвінавачаньне ў арганізацыі забойства мэра Нефцеюганску.

Учора прадстаўнікі Сьледчага камітэту правялі ператрусы ў Маскве і Пецярбургу ў кватэры некалькіх супрацоўнікаў заснаванага Хадаркоўскім грамадзкага праекту «Адкрытая Расея» і прэс-сакратара Міхаіла Хадаркоўскага Кюле Піспанен. Акрамя таго, работнікі сьледчых органаў зьявіліся ў маскоўскім офісе «Адкрытай Расеі».

«Мы маем справу зь нейкай лацінаамэрыканскай стылістыкай запалохваньня палітычных актывістаў і апазіцыянэраў — зусім маладых людзей, якія хочуць сваёй краіне і сабе нармальнай будучыні» — пракамэнтаваў ператрусы Міхаіл Хадаркоўскі.

«Мы хочам зьмяніць Расею да лепшага. Мы будзем дапамагаць маладым пэрспэктыўным актывістам здабыць палітычны вопыт на выбарах і прадставіць сябе грамадзтву. Каб у свой час зьмяніць гэтую ўладу, якая аджыла сваё. І чакаць гэтага часу засталося ня так доўга» — заявіў Хадаркоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG