Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не пагрэе рукі на дарожных зборах, якія ўвялі суседзі — кажуць экспэрты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад 21 сьнежня Літва ўвяла аплату за карыстаньне сваімі дарогамі для расейскіх аўтаперавозчыкаў.

Як заявіў міністар камунікацыяў і транспарту Літвы Рымантас Сінкявічус, гэта стала адказам на дзеяньні расейскага боку, які ўвёў аналягічны дарожны збор зь 15 лістапада. Цяпер расейцы будуць плаціць 11 эўра за суткі і 57 эўра за тыдзень за карыстаньне літоўскімі дарогамі. Міністар Сінкявічус спадзяецца, што такі збор дасьць дадаткова казьне каля 5 мільёнаў эўра.

Ці могуць скарыстацца такой сытуацыяй беларускія ўлады і мець ад яе нейкі плён? — запытаўся карэспандэнт Свабоды ў экспэртаў.

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«Расейцы і літоўцы абменьваюцца „джэнтльмэнскімі“ адказамі — гаворыць кіраўнік аналітычнага цэнтру „Стратэгія“ Леанід Заіка. — Няхай б’юцца. Дарогі ж разбураюцца. Расейцы разбураюць літоўскія дарогі, а ў Расеі дарогі такія, што іх ужо і разбураць позна, настолькі яны шмат дзе дабітыя.

Наагул, на эканамічным супрацоўніцтве зь Літвой расейцам трэба ставіць крыж. Там будуць разьвівацца дачыненьні толькі з калінінградзкім рэгіёнам. Вядома, Калінінграду важна пускаць свой транспарт празь Літву. Але калі раззлаваць расейцаў, то тады яны, мабыць, будуць свае машыны прывязваць да танкаў.

Але гэта іх справы. Не пра гэта нам зараз трэба думаць. Неабходна закасаць рукавы, закрыць свае стратныя прадпрыемствы, інжынэраў накіраваць на іншую працу. А думаць пра тое, як пажывіцца на зборах за праезд у суседзяў, — гэта будзе глупствам найвышэйшай маркі».

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Беларусь таксама транзытная тэрыторыя, — адзначае кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. — І перавозчыкі зь іншых краін ужо даволі даўно плацяць за праезд па Беларусі. У гэтым пляне мы апярэдзілі амаль усіх.

А ў літоўска-расейскай сытуацыі няма манэўру. У той жа Калінінград праз Украіну не паедзеш. Празь Беларусь і Літву ўсе езьдзяць. А плату за праезд мы ўжо даўно ўвялі. Апярэдзілі і Расею. Цяпер там жа бунтуюць з-за гэтых дарожных падаткаў».

Дарэчы, літоўскія кіроўцы плацяць падатак за праезд па дарогах Беларусі, гэтаксама як і беларускія — за карыстаньне дарогамі ў Літве. Стаўкі складаюць ад 20 да 35 эўра ў залежнасьці ад грузапад’ёмнасьці аўтамабіля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG