Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэлігенцыя заклікае апазыцыю правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў «дзеля нацыянальнай згоды»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі беларускай культуры і грамадзкія дзеячы апублікавалі зварот да беларускай апазыцыі з заклікам правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў і аб’яднацца.

Аўтары заявы канстатуюць, што апазыцыя сёньня дэманструе няздольнасьць аб’ядноўвацца і дамаўляцца аб супольных дзеяньнях.

«Мы не заклікаем ні да ўдзелу ў парлямэнцкіх выбарах, ні да няўдзелу. Мы заклікаем да кансалідацыі, да супольнай пазыцыі як у дачыненьні да выбараў, гэтак і ў дачыненьні да тых палітычных працэсаў, якія акрэсьліліся апошнім часам у стасунках паміж Беларусьсю і Эўразьвязам, дэмакратычным Захадам. Працэсы гэтыя выключна важныя, яны наўпрост уплываюць на будучыню краіны — і падыходы да іх мусяць быць дакладна вызначанымі, цалкам зразумелымі нашаму грамадзтву», — адзначаюць прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі.

Аўтары заявы прапаноўваюць зрабіць пляцоўкай для выпрацоўкі супольнай пазыцыі Кангрэс дэмакратычных сілаў, які трэба правесьці да парлямэнцкіх выбараў.

«Толькі сумесны плян дзеяньняў, замацаваны абавязковымі для ўсіх рашэньнямі кангрэсу, можа выправіць сытуацыю: вывесьці апазыцыю з крызісу, вярнуць ёй палітычную вагу, давер унутры краіны і за яе межамі. Гэта цяжка, але яшчэ можна зрабіць, калі паставіць інтарэсы Беларусі вышэй за інтарэсы партыяў, рухаў, за асабістыя інтарэсы.

Заклікаем усіх лідэраў і актывістаў беларускай дэмакратычнай апазыцыі выявіць палітычную адказнасьць, склікаць Кангрэс з шырокім удзелам грамадзянскай супольнасьці і прыняць рашэньні, скіраваныя на ўмацаваньне незалежнасьці нашай дзяржавы. Гэта трэба зрабіць ня толькі дзеля кансалідацыі апазыцыі — дзеля нацыянальнай згоды. Бо пры той нязгодзе, якая ёсьць сёньня ў нашым беларускім доме, мы ня толькі ня дойдзем да Беларусі, пра якую марым, а можам страціць нават тую, якую маем», — адзначаецца ў тэксьце заявы.

Зварот падпісалі Ўладзімер Арлоў, Зінаіда Бандарэнка, Лявон Баршчэўскі, Анатоль Вярцінскі, Радзім Гарэцкі, Ніл Гілевіч, Віктар Казько, Аляксей Марачкін, Генадзь Фядыніч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG