Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін: Забарона кампартыі не прынясе карысьці Ўкраіне, а аддаліць яе ад Эўропы


Прыхільнікі Камуністычнай партыі Ўкраіны каля помніка Ўладзімеру Леніну ў Луганску, 22 красавіка 2014 году
Прыхільнікі Камуністычнай партыі Ўкраіны каля помніка Ўладзімеру Леніну ў Луганску, 22 красавіка 2014 году

У сераду, 16 сьнежня, акруговы адміністрацыйны суд Кіева завяршыў разгляд справы паводле позвы Міністэрства юстыцыі да Кампартыі аб забароне яе дзейнасьці, задаволіўшы позву ў поўным аб’ёме.

«Суд задаволіў позву Міністэрства юстыцыі Ўкраіны ў поўным аб’ёме, забараніўшы дзейнасьць Камуністычнай партыі Ўкраіны», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы суду.

Адзначаецца, што справа разглядалася з удзелам трэцяй асобы — ўпаўнаважанага Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека.

Ці правільнае гэта рашэньне, і ці адпавядае забарона дзейнасьці нейкай партыі дэмакратычным каштоўнасьцям, Свабода высьвятляла ў кіраўнікоў левых партый Беларусі і ва ўкраінскага экспэрта.

Лідэр партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін лічыць, што такое рашэньне ня пойдзе на карысьць Украіне, а папулярнасьць камуністычнай ідэалёгіі толькі павялічыцца:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

«Такое рашэньне супярэчыць эўрапейскаму заканадаўству. Я ведаю, што Эўрапейскі суд па правах чалавека адменіць рашэньне пра забарону камуністычнай партыі, а Ўкраіна прызнае юрысдыкцыю гэтай інстанцыі. І ўвогуле забарона камуністычнай партыі ўскладняе ўваходжаньне Ўкраіны ў плюралістычную Эўропу, якая прызнае разнастайнасьць меркаваньняў і не падтрымлівае праявы абмежаваньня правоў чалавека. А забарона камуністычнай партыі — прамое абмежаваньне правоў чалавека, калі яму забараняюць думаць інакш, чым думае кіраўніцтва Ўкраіны. Нічога добрага для Ўкраіны гэта не прынясе. Ды і не забароніць нічога. Нельга забараніць думаць. Я думаю, што ў пэўнай ступені гэта дадасьць нават аўтарытэту і ўплыву кампартыі, і яна будзе адноўленая празь некаторы час. Гэта проста спроба перад выбарамі прыбраць рэальнага канкурэнта цяперашняй улады».

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Ірына Вештард прызналася, што ў Беларусі ня стала б забараняць нейкія ідэалёгіі:

Ірына Вештард
Ірына Вештард

«У Беларусі такое ня мае сэнсу. Ды я і ня бачу ў нас такіх партый, якія б маглі прынесьці вялікую шкоду. А што тычыцца забароны кампартыі ва Ўкраіне — то гэта пытаньне даволі далікатнае і няпростае. Я ні ў якім разе не хачу казаць нічога адмоўнага пра Ўкраіну, але ў кожнай дзяржаве ёсьць свае канкрэтныя абставіны. Калі яны прыйшлі да высновы, што было шмат выпадкаў недастойнай дзейнасьці з боку чальцоў гэтай партыі, то можа і ёсьць у гэтым сэнс. Але ў Беларусі, пасьля таго, як краіны СССР ужо даўно не існуюць разам, ужо і камуністы старыя паўміралі, і ідэалягічна людзі забыліся на той камунізм».

Кіеўскі палітоляг Віктар Каспрук заявіў Свабодзе, што Ўкраіна спазьнілася з такім рашэньнем — забараніць кампартыю трэба было значна раней.

Віктар Каспрук
Віктар Каспрук

«У Нямеччыне была праведзеная дэнацыфікацыя, а ў нас дэкамунізацыі не было. Рудэмэнтамі камуністычнага рэжыму, як бы парадаксальна гэта не гучала, сталі алігархі, якія перахапілі ўладу, якая была ў руках камуністаў. Зразумела, што паводле рафінаваных эўрапейскіх канонаў, усе палітычныя плыні маюць права браць удзел у грамадзкім жыцьці. Але мы мусім добра разумець, што калі мы не пазбавімся старога камуністычнага мінулага, ніякага эўрапейскага шляху для Ўкраіны ня будзе. Вядома, можна сказаць, што такая забарона можа справакаваць ажыўленьне левага руху ва Ўкраіне, але па вялікім рахунку, левы рух ва Ўкраіне павінен быць эўрапейскім, а не адпавядаць савецкім канонам, якія ў нас распаўсюджваў лідэр камуністаў Пятро Сіманенка. Левыя ідэі павінны быць ва Ўкраіне, але ні ў якім разе ня ў выглядзе камуністычнага рудымэнту».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG