Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве кнігі Алексіевіч — лідэры продажу і без рэклямы


Паліцы з кнігамі Нобэлеўскай ляўрэаткі ў кнігарні
Паліцы з кнігамі Нобэлеўскай ляўрэаткі ў кнігарні

У магілёўскіх кнігарнях зьявіліся кнігі беларускай нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.

Дагэтуль кнігары заяўлялі, што кнігі разабралі, як толькі стала вядома, што Алексіевіч уганараваная Нобэлеўскай прэміяй, і абяцалі закупіць іх. Ня ўтойвалі, што твораў вядомай на ўвесь сьвет дакумэнталісткі ў продажы было няшмат і на іх вялікага попыту не было.

Кнігі Алексіевіч з новай партыі пачалі купляць адразу, як яны зьявіліся, паведамілі ў адной з магілёўскіх цэнтральных кнігарняў. Тут на паліцы з надпісам «Лідэры продажу» чатыры найменьні кніг Нобэлеўскай ляўрэаткі: «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Апошнія сьведкі» ды «Час сэканд-хэнд».

Кнігі Алексіевіч на паліцах прыватных кнігароў
Кнігі Алексіевіч на паліцах прыватных кнігароў

Прадаюць кнігі Алексіевіч і прыватныя кнігары ў падземным пераходзе. Тутэйшыя гандляры кнігі Алексіевіч прывезьлі значна раней, чым дзяржаўныя кнігарні.

«Падыходзяць, цікавяцца і купляюць, — кажа адзін з прыватных кнігароў. — Я, вядома ж, падказваю, што яна Нобэлеўская ляўрэатка, але пра гэта ведаюць і безь мяне. Усе, відаць, ужо чулі пра гэта. Многія зазначаюць, што раней чыталі Алексіевіч і хочуць яшчэ раз перачытаць. Троху дарагаватыя кнігі, але ў любым разе прадаюцца».

У кнігарнях і прыватных гандляроў заўважыць адразу кнігі Сьвятланы Алексіевіч ня проста. Пра іх трэба альбо выпытваць, альбо вышукваць на кніжных паліцах.

Вітрыны магілёўскіх газэтных павільёнаў бяз згадкі пра Алексіевіч
Вітрыны магілёўскіх газэтных павільёнаў бяз згадкі пра Алексіевіч
Вітрыны кнігарняў таксама бяз кніг Алексіевіч
Вітрыны кнігарняў таксама бяз кніг Алексіевіч

У вітрынах кніг Нобэлеўскай ляўрэаткі няма. У газэтных павільёнах, у выстаўленых дзеля рэклямы глянцавых часопісах, таксама ня згадваецца Алексіевіч.

А вось у Польшчы ў кіёсках і кнігарнях Алексіевіч адведзена адно з цэнтральных месцаў. У вітрынах выстаўлены адразу па некалькі экзэмпляраў часопісу, у якім зьмешчанае інтэрвію зь вядомай беларускай.

У польскай кнігарні
У польскай кнігарні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG