Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка пачаў візыт у Расею


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыбыў з афіцыйным візытам у Маскву, дзе 15 сьнежня правядзе перамовы з кіраўніком Расеі Ўладзімерам Пуціным.

У цэнтры ўвагі будзе шырокі спэктар пытаньняў двухбаковых адносін і міжнароднага парадку дня, узаемадзеяньня ў інтэграцыйных аб’яднаньнях, паведамляе БелТА. Лукашэнка зьбіраўся зь першым пасьля выбараў візытам у Расею 25-26 лістапада. Аднак ён быў адменены нібыта з-за надзвычайнай загружанасьці двух прэзыдэнтаў.

Раней паведамлялася, што адной з тэмаў сустрэчы прэзыдэнтаў стане стварэньне расейскай авіябазы ў Беларусі.

«Напэўна пытаньні, зьвязаныя з ваенна-тэхнічным супрацоўніцтвам, будуць фігураваць у заўтрашнім парадку дня ў Крамлі», — цытуе ТАСС прэс-сакратара расейскага прэзыдэнта Дзьмітрыя Пяскова, які такім чынам адказаў на пытаньне журналістаў, ці будуць Пуцін і Лукашэнка абмяркоўваць стварэньне расейскай базы ў Беларусі.


Таксама Лукашэнка можа ўзьняць пытаньне пра крэдыт ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця. Заяўку на атрыманьне 3 млрд даляраў беларускі бок падаў у сакавіку 2015 году.

28 лістапада Аляксандар Лукашэнка прымаў у Менску прэзыдэнта Азэрбайджана Ільхама Аліева. А напачатку сьнежня ён наведаў Віетнам і Туркмэнію.

На міжнароднай канфэрэнцыі, прысьвечанай 20-годзьдзю нэўтралітэту Туркмэністана, Аляксандар Лукашэнка заклікаў Расею і Турэччыну пайсьці на ўзаемныя саступкі і кампрамісы для аднаўленьня добрасуседзкіх адносін пасьля інцыдэнту са зьбітым над турэцка-сырыйскай мяжой расейскім «Су-24».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG