Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэдэрацыя футбола бароніць фанатаў ад МУС: пра іх будуць радзей пісаць у міліцэйскіх зводках


Сяргей Румас
Сяргей Румас

Старшыня Беларускай фэдэрацыі футбола пацьвердзіў дамоўленасьць з кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам аб тым, што ў крымінальных зводках ня будзе згадвацца прыналежнасьць да фанацкага руху, калі злачынства не зьвязанае са спортам.

«Мы вялі дыялёг наўпрост зь міністрам, і мы дамовіліся аб гэтым, — перадае словы Сяргея Румаса, старшыні Беларускай фэдэрацыі футбола, БелаПАН. — І я думаю, што абодва бакі будуць выконваць».

Праблема ўзьнікла пасьля таго, як у міліцэйскіх зводках пачалі ўсё часьцей публікавацца злачынствы, учыненыя фанатамі. Пры гэтым яны не былі зьвязаныя з футбольнымі стасункамі.

«Як справядліва пісалі, калі чалавек абрабаваў краму, то мы ня пішам, ці зьяўляецца ён сябрам БРСМ ці, можа, ён былы міліцыянт, — сказаў Румас. — Мы ж на гэтым не акцэнтуем увагі. Таму наша пазыцыя была, ёсьць і будзе, што ня варта выпінаць фанатаў , калі хтосьці зьдзейсьніў нейкае правапарушэньне. І, прынамсі нам з Сафар’янам (першым намесьнікам Румаса ў фэдэрацыі. — РС) падалося, што мы дасягнулі гэтага разуменьня на сустрэчы ў міністра».

Нагадаем, што сустрэча кіраўніцтва БФФ і МУС адбылася 11 лістапада. Нягледзячы на дамоўленасьць зь міліцыяй, пра што кажуць у БФФ, прыналежнасьць правапарушальнікаў да фанацкага руху ў міліцэйскіх зводках не спынілася.

11 сьнежня фанаты клюбаў Вышэйшай лігі ўпершыню былі запрошаныя на цырымонію закрыцьця сэзону, якую штогод праводзіць БФФ. Румас адзначыў гэты факт, выступаючы перад прысутнымі. Пры гэтым ён зьвярнуў увагу на тое, што на мерапрыемстве няма супрацоўнікаў міліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG