Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцёл правядзе вулічную працэсію з нагоды Надзвычайнага году


Падчас прэсавай канфэрэнцыі. Біскуп Юры Касабуцкі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандар Яшэўскі.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі. Біскуп Юры Касабуцкі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, біскуп Аляксандар Яшэўскі.

У Менску 13 сьнежня адбудзецца вулічная працэсія, якую праводзіць Каталіцкі касьцёл у Беларусі.

Масавая акцыя прымеркаваная да пачатку Надзвычайнага году Божай міласэрнасьці, які распачынаецца ў Каталіцкім касьцёле на распараджэньне папы рымскага Францішка. Пра гэта паведаміў мітрапаліт менска-магілёўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі 8 сьнежня, якая адбылася з нагоды 50-гадовага юбілею Другога ватыканскага сабору.

Як паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч, духоўная працэсія пройдзе вуліцамі Менску ад Чырвонага да Катэдральнага касьцёла, дзе адбудзецца цырымонія адкрыцьця сьвятых дзьвярэй. Год Божай міласэрнасьці меў адбыцца ў 2015 годзе, але папа рымскі абвясьціў яго зараз з прычыны надзвычайных падзеяў у сьвеце — войнаў, якія адбываюцца ў розных кутках плянэты. «Сёньня ўжо вайна заглядвае ў вочы людзям. Папа кажа пра тое, што трэцяя ўсясьветная вайна ўжо ідзе, толькі яшчэ фрагмэнтарна: праз тэрарыстычныя акты, празь лякальныя войны», — падкрэсьліў Тадэвуш Кандрусевіч. Таму сутнасьць году Божай міласэрнасьці — даць людзям надзею на Божую міласэрнасьць у гэты цяжкі час.

У гэтым рэчышчы адбудзецца ўдзел беларускіх вернікаў ва Ўсясьветных днях моладзі ў Кракаве, а таксама сьвяткаваньне 25-годдзя аднаўленьня дзейнасьці Касьцёлу ў Беларусі. Як адзначыў Тадэвуш Кандрусевіч, за гэты час аднавіліся і паўсталі многія сьвятыні, але лёс вельмі многіх і на сёньня застаецца няпэўным. Так, вядомая «візытоўка» Менску — Чырвоны касьцёл — застаецца ўласнасьцю дзяржаўнага прадпрыемства «Менская спадчына». Сёньня сьвятыня мае патрэбу як найменей у рамонце — працягае дах, — але без дазволу дзяржавы касьцёлу «нельга нават цьвік у сьцяну забіць». Гэткае ж становішча застаецца з касьцёлам на Кальварыйскіх могілках Менску, з катэдральным касьцёлам у Магілёве.

Біскуп Аляксандар Яшэўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз Юры Санько
Біскуп Аляксандар Яшэўскі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, ксёндз Юры Санько

Падсумоўваючы вынік мінулага году, арцыпастыр назваў важнай падзеяй візыт у Беларусь дзяржсакратара Ватыкану П’етра Параліна, які стаўся выніковым у наладжваньні адносінаў зь дзяржаўнымі ўладамі і паляпшэньні іміджу Беларусі ў сьвеце. Аднак асаблівую заслугу ў гэтым Тадэвуш Кандрусевіч бачыць у дзейнасьці апостальскага нунцыя Клаўдыё Гуджэроцьці, які на распараджэньне папы рымскага пакідае Беларусь дзеля далейшай працы ва Ўкраіне:

«Ад нас паедзе Нунцый — чалавек, які палюбіў нашую краіну, яе культуру, яе мову, які шмат зрабіў дзеля ўмацаваньня і новага дынамізму Касьцёлу. Дастаткова сказаць, што ў нас было чатыры біскупы, зараз восем — гэта пры ім сталася. Таксама шмат зрабіў для паляпшэньня адносінаў паміж дзяржавай і Касьцёлам, для іміджу Беларусі на міжнароднай арэне: калі ён прыехаў, адносна Беларусі была іншая сытуацыя — трывалі санкцыі. Ён паехаў у вязьніцы, сустракаўся з прадстаўнікамі ўлады, дыпляматычнымі прадстаўнікамі Эўразьвязу і іншых краінаў сьвету — зараз гэтых санкцыяў няма. Ведаем таксама, што вязьні былі вызваленыя — гэта была воля прэзыдэнта, але за гэта прасілі ня толькі краіны Эўразьвязу, ня толькі ЗША, але і папа рымскі. І гэта падрыхтоўвае нунцыятура і нунцый.

І яшчэ вялікая падзея чакае нас наперадзе — прыблізна ў лютым-сакавіку ў Ватыкане адбудзецца выстава сакральнага мастацтва Беларусі, падрыхтаваная Мастацкім музэем. Шмат перамоваў у гэтым пытаньні вёў апостальскі нунцый. Гэта вельмі важная падзея, бо вядома, колькі ў ватыканскіх музэях праходзіць людзей штодня. І ўсе гэтыя людзі пабачаць сакральнае мастацтва Беларусі.

Папа накіраваў яго на складанае служэньне і, можа, сымбалічна, што Менск даў пачатак магчымаму ўрэгуляваньню канфлікту ва Ўкраіне, а зараз таксама зь Менску ва Ўкраіну накіроўваецца арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці».

Біскуп Аляксандр Яшэўскі дзеліцца аплаткай з удзельнікамі сустрэчы
Біскуп Аляксандр Яшэўскі дзеліцца аплаткай з удзельнікамі сустрэчы

Удзел у прэсавай канфэрэнцыі ўзялі таксама ксёндз Юры Касабуцкі і ксёндз Аляксандар Яшэўскі, якія былі прызначаныя на біскупаў стараньнямі папскага пасланьніка. Разам зь мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам яны павіншавалі журналістаў і падзяліліся аплаткай з нагоды хуткага сьвята Божага Нараджэньня.

Апостальскі нунцый прамаўляў па-беларуску і цытаваў вершы Валянціны Аксак

Апостальскі нунцый Кляўдыё Гуджэроці правёў урачысты прыём з нагоды завяршэньня свайго служэньня ў Беларусі. Распараджэньнем папы рымскага ён прызначаны апостальскім нунцыем ва Ўкраіне. Разьвітальнае ўрачыстае казаньне Кляўдыё Гуджэроці прамаўляў па-беларуску і цытаваў вершы Валярыны Куставай і аўтаркі Радыё Свабода Валянціны Аксак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG