Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдзе Тыдзень Паўночнай Карэі


Рэкляма тураў у Паўночную Карэю на менскай плошчы Свабоды
Рэкляма тураў у Паўночную Карэю на менскай плошчы Свабоды

Арганізатары туру ў КНДР пакажуць фільмы пра краіну, зладзяць выставу плякатаў і сустрэчы зь беларусамі, якія пабывалі ў краіне чучхе. Пра КНДР, сярод іншых, раскажа дырэктар гурту Trubetskoy Яўген Калмыкоў.

Паўночная Карэя запрасіла беларускіх турыстаў у шасьцідзённы тур ды агітуе далучацца праз крэатыўныя каляжы. Беларускі партнэр — турфірма Merlintour ладзіць Тыдзень КНДР у Менску. У межах Тыдня з 10 па 16 сьнежня ў офісе кампаніі будзе ладзіцца выстава плякатаў з Паўночнай Карэі, таксама пройдзе шэраг сустрэчаў.

10 сьнежня з 19 да 21 гадзіны пра свой досьвед вандровак у Паўночную Карэю распавядуць беларусы: дырэктар гурту Trubetskoy і прадусар інды-лэйблу SunWoofer Яўген Калмыкоў і заснавальнік Merlintour Барыс Уласаў.

11 сьнежня з 19 да 21 гадзіны пройдзе паказ дакумэнтальнага фільму, а 14 сьнежня ў той жа час — мастацкага фільму пра Паўночную Карэю.

15 і 16 сьнежня з 10 да 19 гадзіны «штатны экспэрт» кампаніі будзе адказваць усім ахвочым на любыя пытаньні пра КНДР.

«Каб паехаць у Карэю, давялося ехаць праз Швайцарыю, знайшлі зь сябрамі такую магчымасьць, — распавёў Свабодзе Яўген Калмыкоў. — Адпраўлялі групы па 10 чалавек, сабраліся зь сябрамі і паехалі. У нас быў плян аб’ехаць „Вось зла“. Я быў у Сырыі, Іране... Паўсюль, колькі ты ні даведвайся пра краіну, уражаньне пры паездцы зусім іншае. Пакуль не пабываеш, не даведаесься, што гэта такое.

Але паколькі мы ведаем, што такое Савецкі Саюз, нам прасьцей уяўляць, як у Паўночнай Карэі ўсё наладжана, калі бачыш гэта. Людзей шкада. Канечне, краіна прыгожая, варты прыём... Але ў Савецкі Саюз вяртацца ня хочацца, калі пабываеш у Паўночнай Карэі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG