Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэцкія і кітайскія грузы ў Эўропу пойдуць у абыход Расеі


Турэччына і Кітай сумесна з Казахстанам, Азэрбайджанам і Грузіяй заснавалі кансорцыюм па транспарціроўцы грузаў з Кітаю ў Эўропу ў абыход Расеі. Адпаведнае пагадненьне было падпісанае 28 лістапада прадстаўнікамі буйных транспартна-лягістычных апэратараў у Стамбуле. Пра гэта паведамляе «Інтэрфакс».

Гатоўнасьць стаць заснавальнікамі кансорцыюму, нароўні з кітайскай кампаніяй Mishgeng Logistics, выказалі «КТЖ экспрэс» (транспартнае прадпрыемства, якое ўваходзіць у склад «Казахстанскай чыгункі»), «Азэрбайджанскае Касьпійскае марское параходзтва» і азэрбайджанская кампанія «Караван Лягістыкс», а таксама Trans Caucasus Terminals (даччыная структура «Грузінскай чыгункі»). Турэччына прадстаўленая ў кансорцыюме ў якасьці асацыяванага члена.

У рамках гэтага праекту на працягу 2016 году заплянавана транспартаваць праз тэрыторыю Грузіі першыя некалькі тысяч кантэйнэраў з Кітая ў напрамку Турэччыны і Эўропы. Бакі таксама плянуюць пачаць у наступным годзе перавозку грузаў праз Украіну ў Паўночную і Ўсходнюю Эўропу.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін 28 лістапада падпісаў указ аб ужываньні спэцыяльных эканамічных захадаў у дачыненьні да Турэччыны. У адпаведнасьці з дакумэнтам абмяжоўваецца ўвоз на тэрыторыю РФ асобных відаў тавараў з гэтай краіны. У прыватнасьці, Пуцін загадаў забараніць або абмежаваць дзейнасьць арганізацыяў і фірмаў, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Турэччыны, на тэрыторыі Расеі, прыпыніць з 1 студзеня 2016 году дзеяньне бязьвізавага рэжыму, а таксама ўвёў забарону на чартарныя паветраныя перавозкі паміж дзьвюма краінамі. Турапэратарам загадана устрымлівацца ад рэалізацыі расейскім грамадзянам тураў, якія прадугледжваюць наведваньне Турэцкай Рэспублікі.

24 лістапада франтавы бамбавік Су-24 з складу расейскай авіягрупы ў Сірыі быў зьбіты турэцкімі зьнішчальнікамі F-16.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG