Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэйсе «Белавія» ў палёце задымілася электраправодка. Пасажыры ратаваліся самі


Пра інцыдэнт на ўчорашнім рэйсе самалёта Boeing 737-300 нацыянальнай авіякампаніі зь Менску ў Маскву распавяла сайту Onliner.by пасажырка зь Беларусі Надзея. Паводле дзяўчыны, падчас палёту пасажыры адчулі пах падпаленай электраізаляцыі. Пасьля гэтага, ня бачачы іншых варыянтаў, узяліся выцягваць задымленыя асьвятляльныя элемэнты з панэляў ля сваіх крэслаў.

Паводле Надзеі, ніякіх камандаў для гэтага не паступала, дзейнічалі па ўласнай ініцыятыве:

— Гаворка ідзе пра сьветлавыя кнопкі, разьмешчаныя на панэлі ў кожнага пасажыра для выкліку бортправадніка, — распавяла Onliner.by пасажырка. — Яны ў нейкі момант загараліся вельмі ярка, потым зьяўляўся смурод гары і дым. І так на кожнай панэлі па чарзе, таму лямпачкі сталі проста выдзіраць. Хтосьці выказаў здагадку, што гарыць праводка. Ды іншых варыянтаў пры такім паху і дыме у раёне багажных паліц і не было.

Салён быў запоўнены прыкладна напалову. Надзея распавядае, што каманда вяла сябе ўпэўнена, без нэрвовасьці:

— Пілёт выйшаў на сувязь, сказаў захоўваць спакой, паведаміў, што робіцца ўсё магчымае. Бортправадніцы былі вельмі мілыя, прапаноўвалі ваду. Кожнаму, хто цікавіўся, казалі, што прычына высьвятляецца, але нічога канкрэтнага.

Надзея прызнаецца, што асабіста ёй было страшнавата, але пасажыры вялі сябе ў асноўным адэкватна. У Маскву прыляцелі хвілін на 15 раней за плянаваны час.

Апэратыўна атрымаць камэнтары ад кампаніі «Белавія» журналістам не ўдалося.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG