Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фотафакт: У Магілёве аўтобусы і тралейбусы возяць вершы Ўладзімера Караткевіча


Верш Караткевіча ў магілёўскім аўтобусе.
Верш Караткевіча ў магілёўскім аўтобусе.

У магілёўскіх аўтобусах нагадваюць пра юбілей Уладзімера Караткевіча. Пра гэта парупілася мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы. На ўлётцы верш паэта і пісьменьніка «У дняпроўскіх хвалях, бы ў калысцы» і згадка пра ягоныя 85 гадоў.

«Большасьць магілёўцаў езьдзяць у грамадзкім транспарце і многія зьвернуць увагу на беларускамоўную абвестку і згадаюць, што аўтару культавага раману „Каласы пад сярпом тваім“, а таксама „Чорнага замку Альшанскага“, ды „Дзікага паляваньня караля Стаха“ — 85 гадоў. На афіцыйным узроўні ў Магілёве дзень нараджэньня Караткевіча ня згадваўся, таму мы і вырашылі адзначыць яго ўлёткамі ў транспарце», зазначыў «Свабодзе» старшыня суполкі Алег Дзьячкоў.

Паводле актывіста падобныя ж улёткі, але з іншым вершам «Машэка», паабяцала вывесіць у тралейбусах кіраўніцтва тралейбуснага дэпо. Магілёўскія аўтобусы і тралейбусы вершы Караткевіча будуць вазіць да канца году.

26 лістапада, у дзень нараджэньня Ўладзімера Караткевіча актывісты-тэбэмаўцы раздалі магілёўцам дзьве сотні ўлётак, якімі нагадалі пра пісьменьніка і ягоны юбілей. Ва ўлётках рупліўцы беларушчыны згадалі і пра дзень памяці па Адаму Міцкевічу.

Магілёўская суполка Таварыства беларускай мовы запрашае магілёўцаў на вечарыну, прысьвечаную 85-годзьдзю Караткевіча. Яна адбудзецца 30 лістапада ў Палацы культуры вобласьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG