Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад перамоваў Пуціна і Алянда прарываў не чакаюць


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін (зьлева) і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін (зьлева) і прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд

У Маскве сёньня адбудуцца перамовы паміж прэзыдэнтамі Расеі і Францыі Уладзімерам Пуціным і Франсуа Аляндам. На парадку дня — барацьба з «Ісламскай дзяржавай» і сырыйскае пытаньне.

На гэтым тыдні Алянд праводзіць сустрэчы зь лідэрамі вядучых краінаў сьвету з мэтай атрымаць іх падтрымку для працягу ваенных дзеяньняў супраць экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава», якая ўзяла на сябе адказнасьць за тэракты ў Парыжы.

Сырыйская тэма стане галоўнай на перамовах Уладзімера Пуціна і Франсуа Алянда, лічыць дырэктар расейскага Цэнтра аналізу блізкаўсходніх канфліктаў Інстытута ЗША і Канады Аляксандар Шумілін. Прынцыпова важнае пытаньне, лічыць ён, — ці здолеюць лідэры дзьвюх дзяржаў пераадолець супярэчнасьці.

Аляксандар Шумілін
Аляксандар Шумілін

«Як паказаў інцыдэнт са зьбітым самалётам, Расея працягвае наносіць авіяўдары ня толькі па ІДзІЛ і, магчыма, ня столькі па тэрарыстах „Ісламскай дзяржавы“, колькі па пазыцыях умераных антыасадаўскіх паўстанцаў у Сырыі. Менавіта гэта — галоўная праблема, якая перашкаджала аб’яднаньню намаганьняў Расеі і міжнароднай кааліцыі ў адным кірунку — у кірунку барацьбы з ІДзІЛ», — сказаў Шумілін.

Па словах дырэктара бюро агенцтва France Presse па Расеі і СНД Нікаля Мілеціча, ад перамоваў прэзыдэнтаў Францыі і Расеі прарываў чакаць ня варта:

«Тое, што чакаецца, — гэта проста размова Ўладзімера Пуціна з Франсуа Аляндам, і Алянд будзе спрабаваць пераканаць расейскага калегу спыніць бамбардзіроўкі мірнага насельніцтва ў Сырыі. Гэта першае. А другое — гэта тое, што трэба бамбіць сапраўдных тэрарыстаў, а не апазыцыю Асада. Трэцяе — трэба, каб Расея ўключылася ў палітычны працэс вырашэньня праблемаў Сырыі. І ў гэтым працэсе, у рэшце рэшт, няма месца для Башара Асада», — лічыць Нікаля Мілеціч.

Пасьля парыскіх тэрактаў зьявіліся здагадкі, што на фоне агульнай барацьбы з тэрарызмам Захад можа зьмякчыць санкцыі супраць Расеі, уведзеныя пасьля анэксіі Крыму і падзеяў на Данбасе. Але эўрапейскія лідэры ўжо ня раз падкрэсьлівалі, што зьвязваюць адмену санкцыяў з выкананьнем менскіх дамоўленасьцяў. Акрамя таго, у францускіх дыпляматычных колах адназначна заяўляюць, што падчас перамоваў Алянда і Пуціна ў Маскве тэму санкцыяў абмяркоўваць ня будуць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG