Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бізнэс-цэнтар Kiroff у Менску адкрылі бяз Кірава. Харэўскі: «Гэта трайная пошласьць»


Між двума казіно і пяцізоркавым гатэлем адкрыўся бізнэс-цэнтар, названы ў гонар змагара з капіталізмам. Знаўца гісторыі Менска Сяргей Харэўскі лічыць назву Kiroff Center вельмі няўдалай.

На месцы колішніх касаў стадыёна «Дынама» ў Менску нядаўна быў збудаваны мадэрновы бізнэс-цэнтар. У адрозьненьне ад «Ленінграду», які адкрывалі з мноствам савецкай сымболікі і касплэем Леніна, Kiroff center адкрываўся бяз Кірава. Месцы ў ім пачалі прадаваць у лютым 2015 года, але ўрачыстае адкрыцьцё, калі і было, то прайшло ціха.

У самім бізнэс-цэнтры савецкай сымболікі няма, ды і назва Kiroff «схаваная» каля службовага ўваходу з боку казіно Diamond Princess, а не напісаная на больш заўважных фасаду насупраць пяцізоркавага гатэлю Crown Plaza і заходняга боку, што побач з казіно «Шангры Ла». Пакуль на бізнэс-цэнтры больш надпісаў Armani (буцік ужо працуе на першым паверсе), чым стылізаваных імёнаў камуніста Кірава.

Забудоўца, кампанія «Белэкаіндустрыя», сьцьвярджае, што назва бізнэс-цэнтру дадзеная паводле назвы вуліцы Кірава, на якой ён знаходзіцца, а з прозьвішчам гістарычнага дзеяча «супадаюць толькі першыя літары».

Пра назву гандлёвага цэнтру і вуліцы Свабода пагутарыла з мастацтвазнаўцам, культуролягам і знаўцам гісторыі Менска Сяргеем Харэўскім:

Сяргей Харэўскі
Сяргей Харэўскі

«Кіраў да Беларусі ня меў ніякага дачыненьня, нічым не адзначыўся, бо ён кіраваў Ленінградам. Проста гэта была адна з культавых постацей той даваеннай савецкай эпохі, пасьля яго забойства вакол яго быў створаны арэал пакутніцтва. І забойства Кірава стала адмашкай для хвалі рэпрэсіяў.

Канешне, мне не падабаецца і гэтая назва, і назва вуліцы. Тыя, хто даў такую назву, я думаю, асабліва не задумваліся над імем і асобай Кірава, ні ў нашай гісторыі, ні наогул яго гістарычнай ролі віднага бальшавіка, аднога са стваральнікаў той таталітарнай сыстэмы, што паглынула мільёны жыцьцяў, у тым ліку беларускіх. І такая назва для гандлёвага цэнтру, ды яшчэ і напісаная па-ангельску з двума F, гэта трайная пошласьць. Думаю, сам суворы бальшавік Кіраў быў бы моцна ўражаны такім падыходам.

Проста прывязаліся да назвы вуліцы? Забаўна будзе паглядзець, што будуць рабіць уладальнікі гэтага гандлёвага цэнтру, калі будзе перайменаваная вуліца, калі будзе вернутая гістарычная назва альбо будзе звацца ў гонар, напрыклад, Міколы Шчакаціхіна (гісторыка і мастацтвазнаўцы, рэпрэсаванага ў 1930-х. — РС), якому там усталяваная мэмарыяльная шыльда.

А колішняя назва вуліцы была Магазінная, пры гэтым магазінамі тады называлі гуртовыя склады. Гэтая вуліца вельмі старая, была закладзеная ў самым канцы XVIII стагодзьдзя, у эпоху Паўла І, забудоўвалася цягам XIX стагодзьдзя. Была адна з прэстыжных, вядомых менскіх вуліцаў. Ну а пасьля забойства Кірава ў Ленінградзе атрымала гэтую назву.

Я ўпэўнены, што ніхто з мінакоў, калі ён толькі не гісторык, ня скажа, хто такі Кіраў — ідзіце з дыктафонам прайдзіце! Гэта той выпадак, калі варта паразмаўляць пра імёны, што носяць нашыя вуліцы, пра тую сыстэму знакаў. Бо калі гэтыя знакі не ўзнаўляюцца няспынна ў школе, мэдыях, дыдактычных матэрыялах, гэта забываецца, становіцца абсурдам. Амаль ніхто сёньня дакладна ня скажа, хто такі Фрунзэ, Кіраў, Куйбышаў, Калінін... Калі гэта выпала з нашай сьвядомасьці, значыць, нам яно і не патрэбна. Трэба тэрмінова заняцца праграмай дэсаветызацыі, вяртаць старыя назвы, абеларушваць наш горад, надаваць ім беларускі характар.

Да ўсяго гэтага трэба ставіцца з гумарам, гэтыя спробы абыграць, надаць гэтаму нейкую рынкавую прывабнасьць — брэнды кшталту «Ленінград» выглядаюць абсурдам утрая, маладыя не разумеюць гэтага кантэксту, старэйшых гэта проста раздражняе. Я не ўяўляю, хто можа мець настальгію па імені Кірава".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG