Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоля Лябедзьку і Вячаслава Сіўчыка пакаралі штрафамі

У Менску прайшлі працэсы над апазыцыйнымі палітыкамі Анатолем Лябедзькам і Вячаславам Сіўчыкам. Лябедзьку аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў, а Сіўчыка на 10 мільёнаў 800 тысяч рублёў.


Анатоль Лябедзька на акцыі памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій каля будынка КДБ у Менску

Вячаслава Сіўчыка аштрафавалі на 60 базавых велічынь (10 мільёнаў 800 тысяч рублёў). Па 30 базавых за брыдкаслоўе і ўдзел у несанкцыянаванай акцыі 4 кастрычніка — мітынг супраць расейскай вайсковай базы на плошчы Свабоды. Брыдкаслоўе суд убачыў ў тым, што Вячаслаў Сіўчык на адрас расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна сказаў: "Хуцін пуйло". Сьведкі-амапаўцы ў судзе сьведчылі, што нібыта Сіўчык сказаў іншае, матнае слова. Вёў працэс судзьдзя Міхаіл Хома.

Анатоль Лябедзька аштрафаваны на 50 базавых велічынь (9 мільёнаў рублёў).

Разьбіральніцтва завершанае. Судзьдзя дала магчымасьць Лябедзьку выказацца. Той сказаў, што «адчуваецца падрыхтоўка сьведак-міліцыянтаў да суду». Паводле Лябедзькі, ў судзе яны казалі па-рознаму, а ў пратаколах — слова ў слова адно і тое ж.

«Гэта ёсьць доказам фальсыфікацыі справы», — сказаў Лябедзька. Паводле палітыка, усе сьведкі-міліцыянты казалі, што ня бачылі ў яго сьвечкі. «Пацьверджаны толькі факт майго знаходжаньня на пляцоўцы каля КДБ і тое, што я размаўляў зь міліцыянтам, але гэта ня ёсьць правапарушэньнем», — сказаў Лябедзька і дадаў, што гэтая справа — «чарговая палітычная замова».

Суд пайшоў на вынясеньне пастановы.

Сьведка Антаніна Кавалёва, намесьніца старшыні АГП. Патлумачыла свой удзел — прыйшла, каб уганараваць памяць ахвяраў рэпрэсій. Была са сьвечкай.

«А Лябедзька прыйшоў пазьней, мы павіталіся, і адразу побач апынуўся міліцыянт Зубцоў, які і раней складаў пратаколы. Ён ішоў мэтанакіравана да Лябедзькі і адразу пачаў складаць пратакол на яго. Я і іншыя пыталіся ў Зубцова, чаму на нас не складаюць пратаколу, хаця мы прыйшлі раней, але Зубцоў не зьвяртаў на нас увагі».

Кавалёва дадала, што такія падзеі, як гадавіны рэпрэсій трэба адзначаць усім, у тым ліку і супрацоўнікам праваахоўных органаў. «Тых рэпрэсаваных таксама нібыта судзілі, але потым гісторыя ўсё паставіла на месцы», — сказала сьведка.

Зноў сьведка заблытаўся ў паказаньнях адносна сьвечак — ён ня змог адказаць, чаму на фатаздымку сьвечкі ў Лябедзькі няма, а ў паказаньнях ён кажа, што той стаяў са сьвечкай. Лябедзька: «Вы рабілі сваю бессаромную справу моўчкі, нічога мне не казалі і не папярэджвалі. Яшчэ людзі вакол вас пыталіся, чаму вы чапляецеся менавіта да Лябедзькі, але вы маўчалі».

Павал Зубцоў
Павал Зубцоў

Трэці сьведка Павал Зубцоў, старшы лейтэнант міліцыі, участковы, які склаў пратакол на Анатоля Лябедзьку. У судзе Зубцоў адразу пазнаў Лябедзьку, сказаўшы, што шмат разоў апошнім часам бачыў яго на незаконных акцыях. Зубцоў паказаў, што падчас акцыі, калі ён падышоў да Лябедзькі, той адмовіўся даваць тлумачэньні, а яго папярэдзіў аб парушэньні, і ён склаў пратакол. На пытаньне Анатоля Лябедзькі сьведка сказаў, што амапаўцаў (Мысляўца і Бурду) ён апытваў потым у сваім кабінэце.

Сьведка амапавец Дзяніс Мысьлявец спачатку таксама казаў, што ня чуў размовы Лябедзькі зь міліцыянтамі, але пасьля ўдакладненьняў судзьдзі згадаў, што да Лябедзькі на акцыі падыходзілі два міліцыянты ў форме і папярэдзілі аб незаконнасьці акцыі. «На гэта ён пачаў казаць, што ён грамадзянін і знаходзіцца, дзе хоча». Лябедзька спытаў у сьведкі, дзе ён знаходзіўся? Той адказаў, што быў побач, стаяў за сьпінай супрацоўніка міліцыі ў форме. «А чаму вас няма на фатаздымку, які ёсьць у справе?» — спытаў палітык. Сьведка спаслаўся на тое, што ня ведае, пра які здымак ідзе гаворка і адкуль ён быў зьняты.

Судзьдзя: "Што там рабіў Лябедзька, можаце нармальна сказаць?«— «Удзельнічаў у мерапрыемстве». Судзьдзя чытае паказаньні сьведкі ад 29 кастрычніка: «Лябедзька браў актыўны ўдзел і трымаў сьвечку». Дык гэта было? — «Так, было. Трымаў. Але ня ўвесь час. Калі падыходзілі супрацоўнкі міліцыі, сьвечкі не было». На гэтыя паказаньні Лябедзька сказаў: «Усё зразумела».

Анатоль Лябедзька: там людзі сабраліся не на акцыю, а проста, каб згадаць ахвяраў палітычных рэпрэсій 1937 году. Лябедзька сказаў, што ён не стаяў са зьнічкай.

Лябедзька азнаёміўся са справай і назваў яе заказной: «Усе тлумачэньні сьведак-амапаўцаў напісаныя слова ў слова. Ім даюць загады, што пісаць. Таму справа яўна замоўленая і да таго ж хлусьлівая. Гаворыцца, што я стаяў са зьнічкай, але доказу гэтага няма — абодва фатаздымкі ў справе гэтага не паказваюць. Наадварот, яны паказваюць, што я там быў, як і іншыя людзі. Але ўдзел прадугледжвае пэўныя дзеяньні, а гэта не даказана ў справе». Лябедзька згадаў, што міліцыянт Зубцоў падыйшоў да яго і без усялякага папярэджаньня пачаў складаць пратакол.

Лябедзька папрасіў магчымасьці азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя дазволіла і абвясьціла перапынак на 7 хвілін.

Анатоль Лябедзька адмовіўся ад абаронцы, будзе абараняцца сам. Заявіў сьведку са свайго боку — Антаніну Кавалёву. Віны не прызнаў. З пратаколу адносна Лябедзькі, які зачытала судзьдзя: «Браў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Стаяў уздоўж праспэкту Незалежнасьці, трымаў сьвечку».

Адвод адхілены. Судзьдзя спаслалася на тое, што ў справе няма доказаў «ангажаванасьці судзьдзі». Працэс над Лябедзькам працягваецца.

У судзе над Лябедзькам перапынак, вырашаецца лёс адводу судзьдзі Шабуні, які ёй зрабіў Лябедзька.

Анатоль Лябедзька перад працэсам нагадаў журналістам, што для яго за 1,5 месяцы гэта ўжо пяты адміністрацыйны працэс. «Хаджу ў суд як на працу, канешне, лепш бы займаўся сваёй працай. Але і гэта важна — паказаць, што ў Беларусі няма сапраўдных судоў, а па-ранейшаму суды выконваюць загады кіраўніцтва краіны па пакараньні актывістаў». На працэсе Анатоль Лябедзька заявіў адвод судзьдзі Шабуні, назваўшы судзьдзяў «палітычнымі кілерамі».

Анатоля Лябедзьку судзіць судзьдзя Вікторыя Шабуня. За працэсам назіраюць журналісты і праваабаронцы, прыйшлі тры сьведкі-міліцыянты. Працэс пачаўся.

Вікторыя Шабуня
Вікторыя Шабуня

Справу Вячаслава Сіўчыка разглядае судзьдзя Міхаіл Хома.

Справы палітыкаў разглядаюцца ў Цэнтральным судзе Менску. Лідэра руху салідарнасьці «Разам» Вячаслава Сіўчыка судзяць за брыдкаслоўе падчас мітынгу супраць расейскай авіябазы, які адбыўся 4 кастрычніка на плошчы Свабоды.

Анатоля Лябедзьку абвінавачваюць у парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня масавых мерапрыемстваў. Міліцыя падчас акцыі перапісала дадзеныя ўсіх удзельнікаў, аднак нікога не затрымлівала.

За акцыю каля КДБ суд 12 лістапада завочна пакараў 9-мільённымі штрафамі апазыцыянэраў Мікалая Статкевіча, Уладзімера Някляева і Максіма Вінярскага.

Судзьдзя тады задаволіла хадайніцтва Лябедзькі аб пераносе пасяджэньня. Палітык матываваў гэта ўдзелам у сустрэчы зь міністрам замежных спраў Літвы Лінасам Лінкявічусам, які знаходзіўся ў Менску.

Таксама 20 лістапада Менскі гарадзкі суд разгледзіць скаргу Анатоля Лябедзькі на рашэньне суду Цэнтральнага раёну ад 28 кастрычніка, згодна зь якім палітыка аштрафавалі на 9 мільёнаў рублёў. Судзьдзя прызнала яго вінаватым у парушэньні парадку арганізацыі або правядзеньня вулічнага мерапрыемства паўторна цягам аднаго года за ўдзел у «Шэсьці нацыянальнага сьцяга» ў Менску 10 кастрычніка.

Глядзець камэнтары (5)

Гэтая дыскусія закрытая.
XS
SM
MD
LG