Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбаліст Арцём Радзькоў: Мне проста падабаецца наша гістарычная сымболіка


30-гадовы Арцём Радзькоў, родам з Магілёва — колішні абаронца футбольнага клюбу БАТЭ, цяпер гуляе ў турэцкай камандзе «Генчлербырлігі». У сваім Інстаграме ён выклаў фатаздымак, на якім дэманструе швэдар з выявай вершніка з «Пагоні». Сярод зьмешчаных тут жа хэштэгаў — #LSTR, гэта назва кампаніі — вытворцы адзеньня.

Радыё Свабода ўдалося зьвязацца з Арцёмам Радзьковым. Ён расказаў, што да канца лістапада будзе ў Нямеччыне, дзе праходзіць аднаўленчы курс у цэнтры фізіятэрапіі «Эдэнрэха» ў Донаўштаўфе. Але ня супраць пагутарыць пасьля прыезду ў Беларусь.

На пытаньне пра выбар гардэробу адказаў, што ніякага ідэалягічнага падтэксту ў фатаздымку няма: «Проста мне падабаецца наша гістарычная сымболіка», — сказаў футбаліст.

На ўдакладняльнае пытаньне — ці купляўся швэдар з «Пагоняй» мэтанакіравана, ці хтосьці зрабіў яму такі падарунак — Арцём Радзькоў сказаў, што набыў швэдар сам, і дадаў: «У мяне такая не адна рэч».

Арцём Радзькоў пачаў займацца футболам у дзіцяча-юнацкай спартовай школе «Дняпро» ў Магілёве, у 2002-м далучыўся да барысаўскага БАТЭ. Адтуль сыходзіў у арэнду ў жодзінскае «Тарпэда» і грозьненскі «Тэрэк», гуляў за падмаскоўныя «Хімкі».

У складзе БАТЭ Радзькоў заваёўваў тытул чэмпіёна краіны, быў уладальнікам Кубка і Супэркубка Беларусі; выступаў у Лізе чэмпіёнаў і Лізе Эўропы. Ад 2006 году выклікаецца ў зборную Беларусі, правёў блізу паўтара дзясятка гульняў.

Цяперашняя каманда Арцёма Радзькова — «Генчлербырлігі» з Анкары. Выступае ў турэцкай Супэрлізе, у мінулым сэзоне заняла 9 месца. Больш як за 90 гадоў свайго існаваньня двойчы станавілася чэмпіёнам Турэччыны і двойчы выйгравала Кубак краіны. Зь беларусамі туркі сустракаліся толькі аднойчы: у першым раўндзе Кубку кубкаў сэзону 1987–88 гадоў яны двойчы саступілі менскаму «Дынама».

Тым часам на сайце LSTR можна замовіць адзін у адзін такую ж адзежу, як у Арцёма Радзькова: сьвітшот «Belarus Pride» каштуе 650 тысяч рублёў, пастаўляецца ў мужчынскай і жаночай вэрсіях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG