19 лістапада — Сусьветны дзень прыбіральняў. Для людзей у разьвітых краінах прыбіральня з унітазам і вада з-пад крану — рэчы самі сабой зразумелыя.
Аднак больш за 650 мільёнаў чалавек на сьвеце ня маюць доступу да чыстай вады, а больш за 2,3 мільярда ня маюць доступу да бясьпечнай прыватнай прыбіральні.
Дыярэя зьяўляецца адной з трох найбольш распаўсюджаных хваробаў-забойцаў маленькіх дзяцей па ўсім сьвеце, разам з пнэўманіяй і малярыяй. Большасьць з гэтых сьмерцяў — 58% зь іх — можна было б прадухіліць з дапамогай чыстай вады, санітарыі і гігіены, уключаючы ў гэта мыцьцё рук з мылам. Калі б чыстая вада, санітарыя і гігіена былі агульна даступныя, кожны год можна было б выратаваць 315 тысяч дзяцей.
Гэтыя зьвесткі ўзятыя са справаздачы «Стан сусьветных прыбіральняў 2015», якую падрыхтавала міжнародная дабрачынная арганізацыя «WaterAid».
У справаздачы прыводзіцца шмат цікавых статыстычных зьвестак у табліцах. Працытуем тры зь іх.
У якой краіне найцяжэй знайсьці прыбіральню? У дужках — адсотак насельніцтва краіны, якое ня мае доступу да «палепшанай» прыбіральні. 10 «топавых» краінаў гэтага рэйтынгу знаходзяцца ў Афрыцы:
Паўднёвы Судан (93,3),
Нігер (89,1),
Тога (88,4),
Мадагаскар (88,0),
Чад (87,9),
Сьера Леонэ (86,7),
Гана (85,1),
Конга (85,0),
Танзанія (84,4),
Эрытрэя (84,3).
У якой краіне найдаўжэйшыя чэргі ў прыбіральню? У дужках даецца колькасьць людзей (у мільёнах) бяз доступу да «палепшанай» прыватнай прыбіральні:
Індыя (774),
Кітай (330),
Нігерыя (130),
Інданэзія (100),
Этыёпія (71),
Пакістан (69),
Банглядэш (63),
Дэмакратычная рэспубліка Конга (51),
Танзанія (44),
Расея (39).
У якой разьвітай краіне найцяжэй знайсьці прыбіральню? У дужках — адсотак насельніцтва краіны, якое ня мае доступу да бясьпечнай прыватнай прыбіральні:
Расея (27,8),
Малдова (23,6),
Румынія (20,9),
Баўгарыя (14),
Латвія (12,2),
Ірляндыя (9,5),
Македонія (9,1),
Літва (7,6),
Альбанія (6,8),
Беларусь (5,7).