Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзьку вярнулі забраныя на мяжы кнігі


13 лістапада Ашмянская мытня вярнула старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатолю Лябедзьку адабраныя на мяжы кнігі «108 дзён і начэй у засьценках КДБ», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Палітык змог забраць кнігі пасьля таго, як экспэрты прыйшлі да высновы, што ў ёй няма экстрэмізму. Анатоль Лябедзька апавёў карэспандэнту Свабоды:

Анатоль Лябедзька
Анатоль Лябедзька

«Гэтая эпапэя доўжыцца зь вясны, калі ў мяне больш за 30 экзэмпляраў кнігі на ангельскай і расейскай мовах канфіскавалі. Мне даслалі паперу, што будзе праведзена экспэртыза на прадмет таго, ці ўтрымлівае яна элемэнты экстрэмізму і ці не наносіць яна шкоды канстытуцыйнаму ладу Беларусі. Нарэшце яны мне прыслалі паперу, што экстрэмізму няма і што я магу забраць кнігу. У выніку я задаволены, што кнігі забраў і магу перадаць іх людзям. У панядзелак зьбіраюся быць за межамі Беларусі і ў Эўрапарлямэнце і выканаўчых структурах ЭЗ раздам ангельскамоўны варыянт. Кнігі лепш чытаць, чым паліць».

На пытаньне, ці сьведчыць гэта пра нейкія перамены сытуацыі ўнутры краіны, Лябедзька адказаў так:

«Ня думаю, што нешта памянялася ў краіне. Бо нядаўна пусьцілі пад нож кнігу Віталя Сіліцкага. А які экстрэмізм у маёй кнізе? Гэта дзёньнік, які я пісаў у турме. Там чыстая люстэркавая праўда падзеяў. Адметна, што яны нейкую экспэртызу рабілі. І ў мяне ёсьць іх пацьверджаньне, што тое, што я напісаў пра КДБ, пра „амэрыканку“, пра сьнежань 2010 году і маё амаль 4-месячнае знаходжаньне там — праўда».

Кнігі ў Анатоля Лябедзькі канфіскавалі сёлета ў траўні на памежным пераходзе «Каменны Лог». У акце аб выманьні тады зьявілася фармулёўка — «на прадмет устанаўленьня, ці ня ўтрымлівае кніга экстрэмізму і ці не падрывае яна асновы канстытуцыйнага ладу».

Алесь Дашчынскі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG