Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Француская «бесьсьмяротная»: Расея мае права на краіны былога СССР

абноўлена

Cакратар Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос (Hélène Carrère d’Encausse)
Cакратар Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос (Hélène Carrère d’Encausse)

Ахвяраваць інтарэсамі постсавецкіх краінаў дзеля добрых стасункаў з Расеяй — ідэя папулярная сярод францускіх інтэлектуалаў і палітыкаў, мяркуе француская вучоная.

«Расея некалі дазволіла краінам СССР стаць сувэрэннымі, а цяпер мае права захаваць сваю сфэру ўплыву», — такую заяву зрабіла ў Варшаўскім унівэрсытэце знакаміты францускі гісторык, сакратар Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос, прадстаўляючы сваю новую кнігу «Шэсьць гадоў, якія зьмянілі сьвет. Падзеньне савецкай імпэрыі». А Эўрапейскі Зьвяз павінен наладзіць стасункі з Расеяй.

На думку францускай прафэсаркі Элен Карэр д’Анкос, «у ідэале, пасьля таго як Эўразьвяз рэфармуецца, калі ён захоча мець адчыненае вакно ў Азію, ён павінен даць статус партнэраў Расеі і Турцыі. Гэта павінен быць статус сапраўдных партнэраў, які, з аднаго боку, зьвяжа гэтыя краіны з Эўропай, а з другога — павысіць значэньне Эўропы ў сьвеце».

Француская акадэмія, сакратаром якой зьяўляецца Элен Карэр д’Анкос, была заснаваная ў XVII стагодзьдзі кардыналам Рышэлье, яе членаў здаўна называюць «бесьсьмяротнымі» (і ня толькі таму, што яны абіраюцца пажыцьцёва: сярод акадэмікаў былі сапраўды вялікія асобы, напрыклад Бальзак). Грамадзкі статус акадэміі ў Францыі вельмі высокі.

Сакратар Францускай акадэміі Элен Карэр д’Анкос — далёка ня першы інтэлектуал, які лічыць, што Францыя павінна ахвяраваць інтарэсамі малых постсавецкіх краінаў, каб захаваць добрыя стасункі з Расеяй. Такой думкі прытрымліваюцца і іншыя францускія навукоўцы і палітыкі. Чаму актывізавалася прарасейскае лобі ў Эўропе?

Беларускі палітоляг Алесь Лагвінец кажа, што паляпшэньне стасункаў увогуле неабходнае для кожнага з бакоў — і для Эўрапейскага Зьвязу, і для Расеі:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

«Пытаньне — на якіх прынцыпах яно адбываецца. Вядома, што сёньня Расея пад санкцыямі. Ёсьць частка гульцоў у Эўрапейскім Зьвязе, якія хочуць перагарнуць старонку і наноў пачаць стасункі з Расеяй. Але ёсьць і іншая частка гульцоў у Эўрапейскім Зьвязе, якія кажуць, што немагчыма прыняць факт анэксіі Крыму. І тут сапраўды пазыцыя часткі францускага істэблішмэнту — яна такая больш прарасейская. Гэта традыцыйная русафільская палітыка Францыі, вядомая яшчэ з другой паловы ХІХ стагодзьдзя.

Трэба адзначыць, што такія падыходы на сёньняшні дзень не адлюстроўваюць афіцыйную пазыцыю Францыі. Нават той нядаўні візыт Нікаля Сарказі да прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна мала што кажа, бо Нікаля Сарказі ў апазыцыі. Але, зь іншага боку, трэба ўлічваць распаўсюджанасьць такіх настрояў як у Францыі, так, можа, часткова ў Нямеччыне, а магчыма, і сярод бізнэс-колаў іншых краінаў».

У той жа Францыі ёсьць вядомыя інтэлектуалы, якія крытыкуюць палітыку Расеі ў дачыненьні да суседзяў. Былы карэспандэнт польскага агенцтва PAP у Францыі Шымон Луцык назваў гісторыка Алена Бэзансона і публіцыста Андрэ Глюксмана, які нядаўна памёр. Аднак іх галасы адзінокія ў хоры прыхільнікаў «замірэньня з Пуціным», — падкрэсьліў Шымон Луцык.

Дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў выказаў думку, што Расеі нармалізаваць стасункі з Захадам будзе ня так проста, нягледзячы на намаганьні абодвух бакоў:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«Канечне, стратэгічна, і ў сэнсе — каб жыць у нармальным сьвеце, Эўрапейскаму Зьвязу трэба мець нармальныя стасункі зь вялікай Расеяй, якая сапраўды вялікая краіна, там шмат насельніцтва, там пралягаюць транзытныя шляхі... У прынцыпе, гэта ў нармальных стратэгічных інтарэсах і Захаду, і Расеі — мець добрыя стасункі. Але ў сёньняшняй сытуацыі такога кшталту сьцьверджаньні насуперак лёгіцы палітычнай і культурнай барацьбы, якую разгарнула Расея з Захадам, — яны вельмі небясьпечныя. Бо фактычна Расея бачыць сябе ў канфлікце і нават у вайне з Эўрапейскім Зьвязам, з Захадам, з палітычнай мадэльлю гэтых краінаў, з культурнай мадэльлю гэтых краінаў. Таму рабіць выгляд, што гэтага няма, немагчыма. І шукаць добрых стасункаў у сытуацыі, калі ідзе вайна, таксама немагчыма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG