Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграмісты пачалі зьбіраць грошы на онлайн-віктарыну «Мова Cup»


За два месяцы трэба сабраць паўтары тысячы даляраў.

Тры энтузіясты зьбіраюцца стварыць онлайн-гульню і мабільную праграму MovaCup.BY, дзеля гэтага яны распачалі збор грошай на сайце Ulej.by. Калі за два месяцы набярэцца патрэбная сума, 26 мільёнаў рублёў (каля 1500 даляраў на момант публікацыі), яны абяцаюць стварыць вэб-плятформу і iOS-праграму, дзе можна будзе ў форме гульні адгадаць пераклад словаў і праўдзівасьць гістарычных фактаў. Праект выйшаў у фінал конкурсу Social Weekend.

«Мова Cup» — праект не камэрцыйны, а хутчэй сацыяльны, не зьвязаны ні з аднайменным спартовым мерапрыемствам (ідэя гульні нарадзілася яшчэ да яго, сьцьвярджаюць стваральнікі гульні), ні з ранейшымі офлайн-віктарынамі, распавёў Свабодзе кіраўнік праекту Зьміцер Ключко:

Адкрываецца футбольная пляцоўка і ўсё, што павінен зрабіць карыстальнік за пяць хвілінаў, гэта перакласьці словы з расейскай на беларускую — забіць гол.

«Кожны ахвочы зможа праверыць свае веды мовы, культуры, гісторыі. Ёсьць у сьвеце аналягі кшталту LinguoLeo, калі людзі па ўсім сьвеце вывучаюць ангельскую мову. Але там вывучаюць дзеля бізнэсу, дзеля працы... У нас іншая справа, папулярызацыя нашай мовы, таму плятформа будзе мець менш складаны характар.

Будзе два модулі — модуль перакладаў і гістарычны модуль. Першы будзе праводзіцца ў жанры футбольнага матчу: адкрываецца футбольная пляцоўка і ўсё, што павінен зрабіць карыстальнік за пяць хвілінаў, гэта перакласьці словы з расейскай на беларускую — забіць гол. Гістарычны модуль будзе ў жанры гульні „веру — ня веру“, будуць паказвацца таблічкі з гістарычнымі ці культурнымі момантамі, а карыстальніку трэба адказаць, верыць ён у гэта ці не. Карыстальнік зарабляе рэйтынгавыя балы, будзе агульны рэйтынг. Можна будзе праводзіць турніры, даваць прызы ад спонсараў.

У нас каманда невялічкая, тры чалавекі.

У нас каманда невялічкая, тры чалавекі. Напрыклад, у нас няма дызайнэру — гэта вялікі кавалак выдаткаў. Частка выдаткаў пойдзе на хостынг, частка на маркетынг, каб распавесьці людзям пра нашую гульню. Нас часта пытаюць, ці будзе Android — канешне, трошкі пазьней будзе, пасьля запуску плятформы. Разумеем, што большасьць нашых землякоў мае яго, а не iOS, пад які канкрэтна цяпер можам зрабіць праграму. Ці калі зьбярэм больш за патрэбную суму, зможам пачаць з Android раней.

Мы ў першую чаргу робім праграмны прадукт як праграмісты, каб людзі маглі не адыходзячы ад тэлефону ці кампутару запоўніць паўзу карысна, палепшыць веды мовы ў кароткі час, 5-10 хвілін. Пазьней можам дадаць іншыя тэматычныя модулі. Як бонус, калі ўсё будзе добра, плянуем распрацаваць гульню, дзе карыстальнік зможа гуляць з карыстальнікам, а не з кампутарам, як цяпер закладзена. Абраць жывога суперніка. Пачалі напаўняць базу самі, але база павінна быць вельмі вялікая, каб кожны мог бачыць новыя словы штодзень, таму спадзяемся на супрацу зь іншымі зацікаўленымі арганізацыямі, офлайн-курсамі, ужо пачалі кантактаваць з „Мова Нанова“».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG