Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валер Костка: Загад на скарачэньне сілавікоў — каб пазбавіцца нядобранадзейных


Валер Костка
Валер Костка

Аляксандар Лукашэнка задумаўся пра колькасьць сілавых структураў у Беларусі і паставіў задачу аптымізаваць іх склад. «Мы не такія багатыя, каб утрымліваць лішнюю колькасьць сілавых структураў. У той жа час і спрашчэнствам займацца нельга. У адваротным выпадку можна даскарачацца да таго, што ў нас сыстэма будзе, але яна акажацца непрацаздольнай», —заявіў Аляксандар Лукашэнка 10 лістапада на нарадзе зь сілавікамі.

Які сілавыя структуры падаюцца вам зусім лішнімі, а якія можна проста скараціць? Гэтае пытаньне карэспандэнт Свабоды задаў падпалкоўніку КДБ у адстаўцы Валеру Костку.

— Найперш скажу, што ў межах сыстэмы дыктатарскага ладу любыя рэформы сілавога блёку не дадуць ніякага выніку. Трэба мяняць сыстэму цалкам і пачынаць з адмены непатрэбных функцыяў. Вось калі ў КДБ скасаваць функцыю палітычнага вышуку, што ў дэмакратычнай краіне ня трэба, дык усіх супрацоўнікаў, якія гэтым займаліся, можна будзе скараціць.

Гэтаксама калі скараціць функцыю абароны дыктатара ад народу, дык можна скасаваць Службу аховы прэзыдэнта. Бо гэтая служба павінна адпавядаць рызыкам для жыцьця прэзыдэнта, якія ёсьць у грамадзтве. А калі іх няма ў вялікім маштабе, дык адпаведна трэба скарачаць і колькасьць ахоўнікаў.

Цяпер возьмем АМАП у міліцыі. Што такое АМАП? Гэта аддзел міліцыі асобага прызначэньня — для барацьбы з асабліва небясьпечнымі крымінальнікамі, для захопу ўзброеных бандытаў. Але колькі ў нас такіх злачынцаў? Часта мы чуем пра іх затрыманьні? Відавочна, што такой колькасьці АМАПу, як у нас, не патрэбна.

І вось гэтак, калі браць па паліцах, дык шмат дзе можна скасаваць пэўную функцыю і, адпаведна, пэўную колькасьць людзей, у тым ліку праз тое, што павінен дзейнічаць сам закон, а ня нейкія чыноўнікі ці сілавікі. Але ў нас дыктатура сама сябе пажырае, для яе ўтрыманьня трэба шмат грошай, а грошай няма, бо эканоміка ў загоне. Колькасьць працоўных, якія ствараюць валавы прадукт, увесь час скарачаецца, а колькасьць тых, хто нічога не вырабляе, павялічваецца, бо людзі пераходзяць у розныя АМАПы, аховы, службы бясьпекі і гэтак далей. А хто ж іх усіх будзе карміць? Гэтых усё меней.

— Вы мяркуеце, Лукашэнка насамрэч ніякія сілавыя структуры скарачаць ня будзе, бо гэта пагражае створанай ім сыстэме?

Гэта прымусіць тых, хто застанецца, яшчэ больш трымацца зграі, стаць аднолькавымі

— Касмэтычнае скарачэньне, можа, і будзе. Эканоміка прымушае Лукашэнку шукаць тыя месцы ў сыстэме бясьпекі, дзе крыху можна зэканоміць. Бо сапраўды зашмат там людзей, якія фактычна задзейнічаныя раз на пяць гадоў, толькі каб націснуць, разагнаць нейкі мітынг і гэтак далей.

Але мне падаецца, што ў заявы пра скарачэньне ёсьць і іншая мэта. Унутры сыстэмы цяпер ствараецца такая канкурэнтная абстаноўка, калі пачнуцца пошукі: а каго варта скарачаць? Таго, хто перастаў быць ляяльным. То бок усіх стымулююць даводзіць адданасьць гэтай сыстэме. Ствараецца больш жорсткая сыстэма, пры якой людзі пачынаюць закрываць раты, не абмяркоўваць праблемы, якія сталі відавочнымі. Гэта прымусіць тых, хто застанецца, яшчэ больш трымацца зграі, стаць аднолькавымі.

Але доўга пасьля гэтых скарачэньняў чакаць ня варта: сёньня каго выганяць, назаўтра ўдвая больш набяруць. Бо найперш у іх на мэце абарона рэжыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG